ЗСУ ў маі ўстанавілі рэкорд па збітых «шахедах»
- 5.06.2026, 23:34
У мінулым месяцы акупанты запусцілі больш за 10 тысяч ударных дронаў.
У маі Сілы абароны Украіны знішчылі або цяжка паранілі 31 530 расійскіх вайскоўцаў. Таксама збілі рэкордную колькасць «шахедаў».
Пра гэта 5 чэрвеня паведаміў міністр абароны Украіны Міхайла Фёдараў.
«Працягваем знясільваць ворага адначасова ў трох вымярэннях — у небе, на зямлі і ў эканоміцы.
За месяц Сілы абароны знішчылі або цяжка паранілі 31 530 расійскіх вайскоўцаў. Усё больш з іх гіне за кіламетры ад нашых пазіцый, і кожная з гэтых страт верыфікавана на відэа», — напісаў Фёдараў.
Паводле яго слоў, таксама працуе «лагістычны локдаўн».
«Па заданні Прэзідэнта маштабуем удары па мэтах на адлегласці 20–150 км. Удвая ўзрасла колькасць паражэнняў варожых мэтаў на адлегласці больш за 50 км ад лініі баявога судакранання. Таксама маем рэкордныя паказчыкі па знішчэнні аўтамабільнай і мотатэхнікі ворага», — адзначыў міністр.
Ён падкрэсліў, што Сілы абароны наносяць удары па аб’ектах, якія забяспечваюць расійскае наступленне, — лагістыцы, транспарце і складах. Гэта змушае ворага траціць рэсурсы на выжыванне замест прасоўвання наперад.
Фёдараў таксама адзначыў, што асобным прыярытэтам застаецца абарона ўкраінскага неба.
«У маі Сілы абароны збілі рэкордную колькасць Shahed. Нягледзячы на тое, што вораг запусціў больш за 10 тысяч ударных дронаў — на 25% больш, чым у красавіку, — колькасць збітых мэтаў вырасла на 50%. Важную ролю ў гэтым выніку адыгрываюць дроны-перахопнікі», — падкрэсліў міністр.
Паводле слоў Фёдарава, цягам месяца ўкраінскія вайскоўцы выканалі больш за 14 тысяч лагістычных і эвакуацыйных місій з дапамогай наземных робатызаваных комплексаў. У сярэднім гэта 455 місій штодня, падчас якіх небяспечную працу выконвалі робаты, а не людзі.