Кіроўная партыя не мае кандыдата ў прэм'еры: што гэта азначае для Арменіі?
2- 28.04.2018, 21:51
- 11,857
Нікол Пашынян - адзіны, чыя кандыдатура была вылучаная для ўдзелу ў барацьбе за пасаду кіраўніка ўрада.
Парламенцкая фракцыя кіроўнай Рэспубліканскай партыі Арменіі (РПА) не будзе вылучаць свайго кандыдата на пасаду прэм'ер-міністра краіны. Пра гэта віцэ-старшыня парламента Эдуард Шармазанаў заявіў у суботу, 28 красавіка. «Нямецкая хваля» паразмаўляла з экспэртамі наконт таго, што гэтая пастанова азначае для палітычнай сітуацыі ў Арменіі.
"Я б не назваў гэта капітуляцыяй РПА. Мабыць, гэта вынік адэкватнай ацэнкі сітуацыі - у Рэспубліканскай партыі разумеюць, што грамадства не прыме яе кандыдата", - перакананы гісторык і палітычны аналітык Мікаэл Заля.
Кіраўнік фракцыі "Елк" ("Выхад"), у парламенце Арменіі, лідэр пратэставага руху Нікол Пашынян - пакуль адзіны, чыя кандыдатура была вылучаная для ўдзелу ў барацьбе за пасаду кіраўніка ўрада. Сам ён уважае сябе за "кандыдата ад народа".
"Квітучая Арменія" - за Пашыняна
Між тым 28 красавіка стала вядома, што парламенцкая фракцыя цэнтрысцкай партыі "Квітучая Арменія" ахвочая падтрымаць кандыдатуру Пашыняна. Гэта пацвердзіў старшыня партыі Гагік Царукян, які раней называўся адным з магчымых прэтэндэнтаў на крэсла кіраўніка ўрада.
Палітолаг Мікаэл Заля перакананы, што ў РПА застаецца тры варыянты дзеянняў: "Прагаласаваць за Пашыняна, за іншага кандыдата, калі ён будзе вылучаны... альбо перашкодзіць галасаванню, у выніку чаго выбары будуць праведзеныя кабінетам в.а. прэм'ер-міністра Карэна Карапецяна".
"Думаю, у РПА разумеюць, што другі і трэці варыянт небяспечныя працягам палітычнага крызісу, але адначасова не хочуць ісці на саступкі Пашыняну, не атрымаўшы нічога наўзамен", - мяркуе экспэрт.
У абмен на гарантыі
На думку Залі, гаворка можа ісці аб даванні РПА нейкіх гарантый, у выніку чаго яна захавае пэўныя палітычныя пазіцыі пасля змены ўлады, а таксама, што яшчэ важней, пра адмову ад перадзелу ўласнасці.
Парламент абмяркуе пытанне аб выбарах новага прэм'ер-міністра Арменіі 1 траўня.
Ці магчымы роспуск парламента?
Як, у сваю чаргу, адзначыў іншы суразмоўца - палітычны аглядальнік Айк Халацян, калі Рэспубліканская партыя Арменіі паспрабуе тарпедаваць абранне прэм'ера ў парламенце, гэта паводле канстытуцыі будзе азначаць аўтаматычны роспуск парламента. Такім чынам Карэн Карапецян можа да новых выбараў паспрабаваць захаваць за сабой пасаду прэм'ера, каб "праз некалькі месяцаў здолець сваімі традыцыйнымі метадамі забяспечыць сваю перамогу на выбарах", мяркуе палітолаг. Галоўная супярэчнасць паміж пратэстоўцамі на чале з Пашынянам і кіроўнай РПА - "у пытанні, хто будзе ўзначальваць урад да датэрміновых выбараў, а не аб самім датэрміновых выбараў", растлумачыў ён.
Аднаўленне акцый пратэсту
Сам Нікол Пашынян на шматтысячным мітынгу ў Ванадзоры на поўначы Арменіі 28 красавіка выказаў спадзяванне, што ўсе астатнія фракцыі парламента таксама адмовяцца ад вылучэння сваіх прэтэндэнтаў на прэм'ерскай пасаду і падтрымаюць "кандыдата ад народа".
Палітык паведаміў, што 29 красавіка з 12.00 мясцовага часу (11.00 беларускага) на тэрыторыі ўсёй краіны і ў Ерэване адновяцца мірныя акцыі пратэсту. На заклік Пашыняна будуць ізноў перацятыя дарогі, замкнёныя навучальныя ўстановы. Увечары на плошчы Рэспублікі ў цэнтры сталіцы адбудзецца чарговы мітынг апазіцыі. "Патрабаванне адно - абранне прэм'ер-міністрам краіны кандыдата ад народа", - падкрэсліў ён.
Адстаўка Саргсяна
Хваля масавых пратэстаў у Ерэване ды іншых армянскіх гарадах узнялася пасля таго, як былы прэзідэнт краіны Серж Саргсян быў абраны дэпутатамі парламента прэм'ер-міністрам. Пратэставыя акцыі не спыняюцца з 13 красавіка. Пасада кіраўніка ўрада стала самай важнай у дзяржаве ў выніку змены формы кіравання з прэзідэнцкай на парламенцкую. Пад ціскам пратэстоўцаў 23 красавіка Саргсян падаў у адстаўку, аднак акцыі пратэсту ў краіне прадоўжыліся.