СМІ: У Расію прыбыў дырэктар ФБР
5- 14.10.2026, 19:34
- 1,976
Кэш Патэл прыехаў «для правядзення сустрэчы».
Дырэктар Федэральнага бюро расследаванняў (ФБР) ЗША Кэш Патэл прыбыў у Расію для правядзення сустрэчы. Пра гэта паведаміў амерыканскі кабельны тэлеканал MS NOW са спасылкай на дзве крыніцы.
Агенцтва Reuters звярнулася па каментар да прадстаўнікоў ФБР. На гэты момант афіцыйнай інфармацыі ад бюро пра прыезд Патэла ў Расію не паступіла.
Раней у гэты дзень прэс-сакратар дыктатара Расіі Дмітрый Пяскоў адмовіўся каментаваць паведамленні пра магчымы прыезд у краіну дырэктара Федэральнага бюро расследаванняў ЗША Кэша Патэла. Падчас брыфінгу ён адзначыў, што такія візіты, як правіла, загадзя не анансуюцца.
Пра планы Патэла прыехаць з візітам у Расію яшчэ ў ліпені паведамляла Politico са спасылкай на крыніцу. Паводле суразмоўцы выдання, дырэктар ФБР спачатку прыбудзе ў Маскву, а затым адправіцца ў Санкт-Пецярбург. Як чакаецца, у Расіі ён павінен сустрэцца з прадстаўнікамі Федэральнай службы бяспекі РФ (ФСБ).
Да таго два кангрэсмены ў ЗША выказалі заклапочанасць з-за імкнення Патэла да больш цеснага супрацоўніцтва ФБР з праваахоўнікамі Расіі і Кітая. Паводле дадзеных часопіса The Atlantic, яны заклікалі Патэла скасаваць запланаваную паездку ў Расію.