У Балгарыі падпалілі больш за 10 антэн Starlink
5- 14.10.2026, 20:09
- 2,684
Усяго іх у краіне 17.
Невядомыя падпалілі 11 з 17 антэн спадарожнікавай сістэмы Starlink на сакрэтным аб’екце непадалёк ад сталіцы Балгарыі Сафіі. Абсталяванне забяспечвае сувязь для Украіны, паведаміла балгарскае выданне Novinite са спасылкай на заяву дэпутата Івайла Мірчава.
Паводле слоў дэпутата, да падпалу датычныя двое мужчын у масках. Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 10 кастрычніка.
Мірчаў адзначыў, што згарэлыя антэны забяспечвалі сувязь са спадарожнікамі Starlink, якімі карыстаюцца Узброеныя Сілы Украіны (ЗСУ) падчас вайны супраць РФ. Палітык падкрэсліў, што пра інцыдэнт не паведамілі ні МУС, ні СМІ, «нібыта нічога не адбылося». Паводле яго слоў, гэта ўздымае пытанні адносна працы службаў бяспекі і іх здольнасці прадухіляць падобныя дыверсіі.
Дэпутат запатрабаваў высветліць, чаму аўтамабілі паліцыі з’явіліся на месцы здарэння толькі ў «апошнія гадзіны» пажару.
Да гэтага ва Украіне паскардзіліся на абмежаванні ў працы тэрміналаў Starlink. Саветнік Зяленскага Сяргей Бескрэстнаў паведаміў, што яны распаўсюджваюцца на «вайсковы пакет» паслуг StarShield.