14 кастрычнiка 2026, Серада, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка фактычна прагаварыўся

Лукашэнка фактычна прагаварыўся

У словах кіраўніка рэжыму прагучалі цікавыя ноткі.

Функцыянеры мінскага рэжыму на чале з яго кіраўніком налева і направа раздаюць флюіды міралюбства і жадання сябраваць з суседзямі. Аднак апошнія не выяўляюць асаблівай ахвоты падграваць лукашыстам.

За мінулы тыдзень паслядоўна і паралельна Лукашэнка, Рыжанкоў і Хрэнін выказаліся наконт няпростых узаемаадносін, што склаліся з усімі суседзямі, акрамя ўсходняга.

За ўжо звыклай непераварнай слоўнай кашай пра «праблемы з прадуктамі харчавання ў Еўропе» у словах кіраўніка рэжыму чувацца цікавыя ноткі: «калі мы не толькі глядзім праз прыцэл адзін на аднаго, але пачынаем эканамічна супрацоўнічаць, гэта сведчыць пра тое, што нам, можа, і ўдасца пазбегнуць вайны».

То бок вайна разглядаецца як асноўны сцэнар. Фактычна Лукашэнка прагаварыўся пра тое, пра што і так кажуць ваенныя эксперты і дыпламаты.

І кажуць шмат і па сутнасці. На днях BELPOL на Варшаўскай канферэнцыі па бяспецы прадставіў свой новы даклад аб мілітарызацыі рэжыму з фактамі і высновамі пра тое, як менавіта лукашысты рыхтуюцца да вайны і якія фактычныя дзеянні прадпрымаюць.

Паводле аўтараў даклада, падрыхтоўка ідзе поўным ходам з прыцягненнем усіх магчымых рэсурсаў і ахопам шырокага поля актараў. Аўтары выдзяляюць чатыры асноўныя кластары, у якіх ідуць працэсы пераходу краіны на ваенныя рэйкі:

мілітарызацыя грамадства;

ваенная інфраструктура і лагістыка;

мілітарызацыя эканомікі і навукі;

заканадаўства і ваенны суверэнітэт.

Па ўсіх чатырох напрамках ідуць актыўныя дзеянні для падрыхтоўкі да вайны.

Форум у Варшаве ў цэлым стаў месцам, дзе імя нашай краіны гучала часта і, на жаль, у даволі выразна акрэсленым кантэксце ваеннага супрацьстаяння.

Камандуючы войскамі НАТА Алексус Грынкевіч ясна і адназначна акрэсліў перспектывы дзеянняў сіл НАТА у выпадку пачатку агрэсіўных дзеянняў з боку РФ. У спіс прыярытэтных мэт трапіла не толькі Калінінградская вобласць, Пецярбург і ўвесь паўночна-заходні фланг расійскай тэрыторыі, але і тэрыторыя Беларусі. Як той казаў, нічога асабістага, гэта проста геаграфія.

Улічваючы тое, як расіяне выкарыстоўвалі Беларусь як плацдарм для наступу на Кіеў, аналітыкі і стратэгі НАТА разглядаюць рызыку ўварвання з боку Беларусі ў краіны Балтыі і Польшчу як цалкам рэалістычны сцэнар.

У цэлым стратэгічны план НАТА разлічаны на тры фазы:

Block – адбіць першую атаку і заблакаваць наступныя;

Blunt – аслабіць наступальныя магчымасці праціўніка;

Break – разграміць не толькі наступальныя сілы, але і ўсю сістэму іх забеспячэння. У тым ліку лагістыку і забеспячэнне.

Калі ў першым і другім пункце, пры ўмове неўдзелу беларускай арміі ў прамых сутыкненнях з войскамі НАТА, яшчэ можна прапетляць, то трэці пункт прадугледжвае знішчэнне інфраструктуры, у тым ліку і на тэрыторыі нашай краіны.

Акрамя Грынкевіча, пра Беларусь казаў і адстаўны генерал ЗША Кіт Келлог. Аўтарытэтны былы высокі ваенны чыноўнік, вядомы сваёй перамовнай пазіцыяй па нашым рэгіёне, заявіў: «Беларусь і Лукашэнка зусім не з’яўляюцца для Пуціна асноўнымі партнёрамі. Я маю на ўвазе, што яго нават нельга назваць малодшым партнёрам. У іх няма моцных узброеных сіл».

На думку Келлога, вартасць і значнасць саюзніцкіх адносін Расіі і Беларусі пераацэнены. Гэтае меркаванне добра накладаецца на гіпотэзу пра тое, што ваенны суверэнітэт Беларусі страчаны на карысць Расіі і, фактычна, Крамлю наша краіна цікавая найперш як ваенны плацдарм з добра развітай інфраструктурай.

Безумоўна, да пачатку баявых дзеянняў Беларусь выглядае як нядрэнны варыянт «шэрай зоны», праз якую можна атрымліваць дэфіцытныя тавары і матэрыялы для аснашчэння арміі. Але тут мы канкуруем з краінамі Цэнтральнай Азіі, якія дэманструюць фенаменальны рост знешняга гандлю з РФ, у тым ліку і дэфіцытнымі элементамі радыёэлектронікі і іншымі таварамі падвойнага прызначэння.

У такіх умовах жорсткай канкурэнцыі адзінай эксклюзіўнай прапановай лукашыстаў застаецца месца на карце, якое займае наша краіна.

Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲