19 верасня 2026, Субота, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Кісляк: У Берасці фармуецца апазіцыя з людзей, раней далёкіх ад палітыкі

1
Раман Кісляк: У Берасці фармуецца апазіцыя з людзей, раней далёкіх ад палітыкі
ФОТА: TUT.BY

Барацьба супраць акумулятарнага завода стала школай салідарнасці і прафесійнага супраціву.

У сераду ў судзе Ленінскага раёна горада Берасця адбыўся разгляд скаргі блогера Сяргея Пятрухіна на пастанову аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці. Справу на мужчыну завялі пасля затрымання, калі ён казаў, што выйдзе на плошчу, калі мясцовыя ўлады не спыняць будоўлю акумулятарнага завода. Пастанова ў той жа дзень увайшла ў законнае дзеянне i падлягае выкананню.

«Зялёны партал» пагаварыў з прадстаўніком Пятрухіна, юрыстам і праваабаронцам Раманам Кісляком аб наступствах гэтай справы.

Пасля пачатку ўзвядзення акумулятарнага на тэрыторыі СЭЗ «Брэст», гараджане і жыхары Берасцейскай вобласці актыўна выступілі супраць прадаўжэння будаўніцтва вытворчасці. Для гэтага актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў.

Раённыя і абласныя ўлады, зрэшты, падтрымоўваюць завод, пачаўшы з папярэджанняў, што публічна абмяркоўваць дзейнасць завода забаронена законам, а суд Маскоўскага раёна Берасця адмовіў у калектыўным пазове грамадзянам Берасця і грамадскаму аб'яднанню «Экадом».

Блогера Сяргея Пятрухіна, які актыўна асвятляў падзеі ў горадзе ў ютуб-блогу «Народны рэпарцёр», гарадскі суд асудзіў паводле артыкула 23.34 КаАП, «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў». Блогера аштрафавалі на 50 базавых (1225 рублёў).

«Суд ніяк не адрэагаваў на нашы довады. На тое, што дзеянні Сяргея Пятрухіна не з'яўляліся правапарушэннем, - кажа Раман Кісляк. - Зрэшты, гэта не першы пераслед блогераў у сувязі з акумулятарным заводам, але першая справа, якая дайшла да абласнога суда. Яны прыцягваліся і раней, летась, з нагоды іншых акцый».

РАМАН КІСЛЯК

Праваабаронца кажа, што яны будуць падаваць скаргу ў наступную інстанцыю - старшыні Вярхоўнага суда.

«Сама пастанова, якая ўвайшла ў дзеянне, падлягае выкананню - штраф будзе спагнаны. У тым ліку можа быць арыштаваны тэлефон, так ужо раней паступалі. Але такім чынам адкрылася магчымасць звяртацца ў Камітэт правоў чалавека пры ААН, у гэтай справе парушаныя грамадзянскія і палітычныя правы Сяргея Пятрухіна».

З самім блогерам пагутарыць не змаглі, але праваабаронца запэўніў, што з ім усё ў парадку.

«Cяргей Пятрухін разумее, як працуе наша судовая сістэма, што яна вось такая, што ў нас няма, фактычна, незалежных судоў. Якія каманды даюцца, такія і выконваюцца. Суд не адказваў крытэру незалежнасці. Гэта было чаканым разглядам справы і далей мы працягнем барацьбу», - кажа праваабаронца

Са слоў Кісляка, берасцейцы незадаволеныя пазіцыяй, якую выбралі мясцовыя чыноўнікі ў гэтай сітуацыі.

«У людзей сыходзіць зачараванне ўладай. Фактычна людзі расчароўваюцца, у тым ліку і ў судовай сістэме. Пратэст вельмі хутка становіцца прафесійным. У нас у Берасці фактычна фармуецца новая апазіцыя з людзей, якія былі далёкімі ад палітыкі і ўладу ніколі не крытыкавалі. Людзі ўбачылі, што іх патрабаванне прыбраць завод ігнаруецца, і іх гэта моцна раздражняе».

Берасцейцы, са слоў Рамана Кісляка, крытычна ставяцца да мясцовай улады, але «калі так будзе далей, і Савет Міністраў, і ўрадавая камісія не развяжа гэтае пытанне, Берасце стане вельмі апазіцыйна настроеным горадам».

«Акумулятарны завод для Берасця - іншародны орган і горад яго не прымае. І вядома, практыка запалохвання і штрафаў тут не спрацуе. Гэта [судовыя разборы] будзе прадаўжацца далей, і на новыя віткі выходзіць, пакуль сітуацыя не развяжацца».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках