8 чэрвеня 2026, панядзелак, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амэрыка гарантуе Пхеньяну бяспеку ў абмен на ядзернае раззбраенне

10
Амэрыка гарантуе Пхеньяну бяспеку ў абмен на ядзернае раззбраенне

Дзяржаўны сакратар ЗША спадзяецца, што Кім Чэн Ын зробіць стратэгічныя змены ў палітычным курсе КНДР.

ЗША гатовыя даць Пхеньяну гарантыі бяспекі, калі ўлады Паўночнай Карэі ажыццявяць стратэгічную пастанову ў бок адмовы ад ядзернай зброі, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа. Як піша «Нямецкая хваля», пра перспектывы стасункаў з Пхеньянам ён распавёў у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News у нядзелю, 13 траўня.

Са слоў Пампэа, будучая сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка КНДР Кіма Чэна Ына мае стаць праверкай таго, наколькі лідэр Паўночнай Карэі ахвочы змяніць палітычны курс краіны. Дзяржаўны сакратар, які ўжо двойчы сустракаўся з Кімам Чэнам Ынам, адзначыў, што, на ягоную думку, лідэр КНДР падзяляе мэты ЗША. "Мы вельмі ўважлівыя да рызык, аднак ад усяго сэрца спадзяемся, што Кім Чэн Ын хоча здзейсніць стратэгічныя змены", - падкрэсліў Майкл Пампэа.

У тым выпадку, калі КНДР зменіць сваю палітыку, прэзідэнт Трамп гатовы гарантаваць Кіму Чэну Ыну "паспяховы пераход". Акрамя таго, ЗША дазволяць амэрыканскім прадпрыемствам рабіць інвестыцыі ў эканоміку і інфраструктуру Паўночнай Карэі, заявіў Пампэа.

Першая сустрэча на найвышэйшым узроўні

Сустрэча Дональда Трампа і Кіма Чэна Ына мае адбыцца 12 чэрвеня ў Сінгапуры. У 2017 годзе стасункі паміж ЗША і КНДР істотна пагоршыліся пасля правядзення Паўночнай Карэяй сэрыі ракетных выпрабаванняў. 5 жніўня 2017 года Рада бяспекі ААН прыняла санкцыі супраць Пхеньяна. У лютым 2018 года ЗША таксама ўвялі маштабныя абмежавальныя захады супраць КНДР.

У сакавіку Кім Чэн Ын прапанаваў Трампу "як мага хутчэй" правесці перамовы. Прэзідэнт ЗША прыняў запрашэнне і абвясціў аб ахвоце сустрэцца.

27 красавіка падчас міжкарэйскай сустрэчы на найвышэйшым узроўні ў памежнай вёсцы Пханмунджоме лідэр КНДР Кім Чэн Ын і прэзідэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ян дамовіліся аб поўным ядзерным раззбраенні на Карэйскай паўвыспе, а таксама аб афіцыйным заканчэнні стану вайны, у якім абедзве краіны знаходзяцца з часоў карэйскага канфлікту пачатку 1950-х гадоў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках