Прэзідэнт Італіі прапанаваў сфармаваць «нейтральны ўрад»
- 7.05.2018, 21:57
- 7,725
Дзве партыі ўжо адхілілі гэтую ідэю, выступіўшы за правядзенне ў ліпені датэрміновых выбараў.
Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла выступае за фармаванне «нейтральнага ўрада», які павінны кіраваць краінай да канца 2018 года. Увечары ў панядзелак, 7 траўня, кіраўнік дзяржавы заклікаў усе партыі падтрымаць такое часовае развязанне пасля правалу апошняга раўнда папярэдніх кансультацый у стварэнні ўрада. У адваротным выпадку ён мае намер на восень ці ўжо на ліпень прызначыць датэрміновыя выбары, паведамляе DW.
Папулісцкія партыі «Ліга» і «Рух 5 зорак» ужо далі зразумець у адказ на прапанову прэзідэнта, што не падтрымаюць «нейтральны ўрад». Яны настойваюць на правядзенні датэрміновых выбараў 8 ліпеня.
Урадавы тупік
Парламенцкія выбары ў Італіі прайшлі 4 сакавіка, але не выявілі яўнага пераможцы. «Рух 5 зорак» заручыўся падтрымкай амаль траціны выбарцаў. Аднак лепшы вынік на выбарах паказала кааліцыя правацэнтрысцкіх сілаў у складзе партый «Наперад, Італія», «Ліга» і «Браты Італіі», якая набрала 37 працэнтаў галасоў. Дэмакратычная партыя Італія, якая кіравала апошнія гады, атрымала толькі 19 працэнтаў і абвясціла аб пераходзе ў апазіцыю.
У выніку ні адна з палітычных сілаў не мае большасці ў парламенце, дастатковай для стварэння новага ўрада, а спробы правесці кааліцыйныя перамовы дагэтуль застаюцца беспаспяховымі.