20 траўня 2024, панядзелак, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліграф для міністраў

24
Паліграф для міністраў
Карыкатура: CARTOON.KULICHKI.COM

Хто корміць беларусаў няякаснымі прадуктамі?

Не паспела высахнуць чарніла на падпісанай Беларуссю і Расеяй «дарожнай карце» для зняцця абмежаванняў з беларускай «малочкі», як Рассельгаснагляд западозрыў Беларусь у абыходным манеўры і ўвозе на тэрыторыю РФ нелегальным шляхам 350 тысячаў тонаў малака. Пасля гэтага ўстанова Данкверта зноў увяла санкцыі ў дачыненні да трох беларускіх малочных прадпрыемстваў.

Сітуацыю з новым паваротам «малочнай вайны» каментуе для сайта primus.by кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка:

– Абмежаванні ўведзеныя, дарэчы, і супраць Нясвіжскага малочнага завода дзіцячага харчавання – праз нітраты ў малацэ. Нясвіж – гэта радзіма Міхаіла Мясніковіча. Хачу, карыстаючыся выпадкам, спытаць у яго: чаму прадпрыемства на вашай малой радзіме труціць нашых дзяцей? Бо калі імпарт Расея забараніла, значыць, прадукцыя рэалізуецца ўнутры краіны. Гэта проста ганебна, Міхаіл Уладзіміравіч! Мне за вас сорамна.

Гэта так падобна на нашых міністраў: спачатку падпісваць нейкія «дарожныя карты», а потым вазіць тавар у абыход прапускных пунктаў. Я хачу ім сказаць: хлопцы, не пераймайцеся гэтым глупствам, яшчэ крыху – і Расея ўвогуле адмовіцца ад беларускай сельгаспрадукцыі. Вы чапляецеся за поручні прычапнога вагона цягніка, які сыходзіць.

Беларусі патрэбная новая, тэхналагічная прадукцыя, новыя брэнды...

Падобна на тое, што чыноўнікі ад сельскай гаспадаркі проста «страхуюць» зварот нелегальнай прадукцыі. Гэта як Міністэрства аховы здароўя, якое 10–15 гадоў казала, што ў нас усё добра, а фактычна апынулася, што выкарыстоўваліся маштабныя карупцыйныя схемы.

Думаю, нам патрэбная агульнанацыянальная перадача, якая называлася б «Міністр, змоўкні!» І там усіх міністраў аднаго за адным правяралі б на паліграфе.

Як экзаменатар, які працаваў у камісіях рознага ўзроўню, я мяркую, што патрэбны наўпросты «дыялог». Напрыклад, сядзіць у студыі міністр Русы і яму наўпрост задаюць пытанне: скажыце, а колькі прадпрыемстваў выпусцілі прадукцыі больш, чым зрабілі справаздачу, і куды яна дзелася?

Таму што цяпер у беларускіх міністраў ідзе «свая гульня»: яны думаюць, што Расея вялікая, там усё можа растварыцца і атрымаецца схаваць канцы ў ваду. Для іх, акрамя паліграфа, час увесці спецыяльную рубрыку ва ўсіх газетах пад назвай «Спытай у Данкверта». Каб гэта было напісана тлустымі літарамі і кожны мог напісаць і даведацца, што на самай справе адбываецца ў кантрабандным хабе і колькі няякаснай прадукцыі вярнулася на беларускі рынак.

А сёння на любыя канкрэтныя лічбы нашы аграрыі мямляць і адказваюць нейкімі «дарожнымі картамі». Яны нам не кажуць, куды трапляе ўсё тое, дрэннае і няякаснае, што адпрэчыла Расея. Недзе ж яно павінна растварацца. Я нават спытаў бы ў аграрных чыноўнікаў больш вобразна: «Куды дзяецца гэта ўсё?»

А пайшла гэтая «слаўная традыцыя» яшчэ з 1929 года – у гады «вялікага пералому». Вось як пераламалі тады сельскую гаспадарку, так і пайшла гэтая «магія лічбаў»: колькасць мяса, колькасць малака, колькасць пасаджаных дырэктараў калгасаў і саўгасаў. І доўжыцца гэта будзе да таго часу, пакуль для беларускай сельскай гаспадаркі не зачыняць усе рынкі.

І не трэба казаць, пра «натуральныя прадукты». Беларускае малако пахне кабінетам міністра сельскай гаспадаркі.

Гэта скончыцца, хлопцы – уся ваша валтузня вакол сельгаспрадукцыі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках