23 красавiка 2024, aўторак, 22:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стральба пад Івацэвічамі: вяскоўцы распавялі пра нападніка

Стральба пад Івацэвічамі: вяскоўцы распавялі пра нападніка

Пад «гарачую руку» ледзь было не патрапіла жанчына, якая праходзіла міма.

У вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёна жывуць усяго чалавек 20-30. Пра тое, што ў гэтым ціхім месцы можа здарыцца такая трагедыя, ніхто з жыхароў нават не меркаваў. Пра мужчыну, які страляў у міліцыянераў, распавядаюць няшмат: клічуць Сяргей, 57 гадоў, не піў і быў замкнёны, піша tut.by.

17 жніўня ў вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёна адбылася страляніна, мясцовы жыхар страляў у супрацоўнікаў міліцыі. Адзін участковы загінуў, другі ранены.

ФОТА: SVABODA.ORG

- Што здарылася? Хто ж яго ведае, што здарылася, - эмацыйна адказвае на наша пытанне адна з мясцовых жыхарак. - Прыехала міліцыя, хацелі да яго зайсці, ён узяў стрэльбу і пачаў страляць.

Са слоў жанчыны, удзень яна з іншымі вяскоўцамі сядзела каля крамы, чакала, калі прывязуць хлеб.

- Мы пачулі два стрэлы, - працягвае суразмоўца. - А потым з таго канца Валя прыбегла, уся белая, кажа: «Не ведаю, як я ў яго яшчэ праскочыла». Калі ўсё здарылася, яна міма яго дома ішла. А ён на яе: «Што стаіш?» - і лаянкай. «Хочаш, каб трэцяя легла, то цяпер ляжаш». Яна і пабегла. Людзі адразу выклікалі хуткую і міліцыю.

Са слоў жанчыны, аднаму міліцыянту Сяргей стрэліў у галаву. Той зваліўся побач з брамкай, другому - у жывот. Хуткая забрала яго ў рэанімацыю. У загінулага засталося двое дзяцей.

Пазней у краме суседка Сяргея расказвала: стрэліўшы ў міліцыянтаў, мужчына стаяў на ганку, на жываце ў яго быў патранташ. А калі прыехала міліцыя, працягвае суразмоўца, затрыманы схаваўся ў доме і забарыкадаваўся.

- Кажуць, калі ён у хаце забарыкадаваўся, было яшчэ шэсць стрэлаў, - успамінае мясцовая жыхарка. - А хто ў каго страляў, невядома, нікога да таго месца не падпускалі. Я стрэлаў не чула, толькі як па рупару яму казалі, каб здаўся. А машын міліцэйскіх было столькі... З Пінска, Івацэвічаў... Ой-ёй, як «праславіліся» нашы Бабровічы.

Пра самаго Сяргея жанчына распавядае няшмат. Нарадзіўся ў Бабровічах. Калі ажаніўся, пераехаў у Іванава. Жонка працавала ў аптэцы, але «ён з ёй не ладзіў». Развёўся, ёсць дачка і ўнукі.

- Ён калісьці ў Берасці ў краме выкідалай працаваў, потым нарыхтоўшчыкам, - пералічвае яна заняткі затрыманага. - А калі ў Бабровічы вярнуўся, то ўжо не працаваў. Ды і адкуль у вёсцы праца?

- А на што ён жыў?

- Вось лета - ягады носіць, журавіны носіць. Мама дапамагала заўсёды з пенсіі.

У бацькоўскай хаце Сяргей жыў адзін. Пажылую маму забралі да сябе сёстры. З роднымі, распавядаюць мясцовыя, мужчына не меў зносін:

- Ні братоў, ні сясцёр - нікога ў хату не пускаў. Ён з імі не меў зносін.

ФОТА: УСК БЕРАСЦЕЙСКАЙ ВОБЛАСЦІ

Сяброў у вёсцы, успамінае суразмоўніца, у яго таксама не было.

- Ён ніколі не піў. Жыў ён замкнёна. Па вёсцы хадзіў - высокі, прыгожы, заўсёды чыста апрануты, - працягвае яна.

Ці канфліктаваў Сяргей з кімсьці з суседзяў, жанчына не ведае.

- Мяне ён ніколі не чапаў.

Мясцовыя распавядаюць, што стрэльба ў яго была зарэгістраваная. У адказ на пытанне, ці быў ён паляўнічым, толькі паціскаюць плячыма.

Як паведамляе УСК Берасцейскай вобласці, падазраваны затрыманы. Цяпер на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група з удзелам спецыялістаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Праводзіцца агляд, фіксацыя рэчава-следавай інфармацыі.

Распачатая крымінальная справа паводле п. 10 ч. 2 арт. 139 (Забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці), ч. 1 арт. 14 п. 1, 10 ч. 2 арт. 139 (Замах на забойства двух асоб у сувязі з ажыццяўленнем iмi службовай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Найбліжэйшым часам мужчына будзе агледжаны на прадмет знаходжання ў наркатычным або алкагольным ап'яненні. Следчымі будуць прызначаныя неабходныя экспэртныя даследаванні, у ліку якіх псіхолага-псіхіятрычная экспэртыза, якая ўсталюе псіхічны стан падазраванай асобы.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках