26 красавiка 2024, Пятніца, 18:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Лукашэнка патрапіў у заганнае кола

34
Леанід Заіка: Лукашэнка патрапіў у заганнае кола
КАРЫКАТУРУ: EKRAN/ANEKDOTOVMIR.RU

Беларусы даўно жывуць сваім жыццём, без урада.

Перастаноўкі ва ўрадзе, зробленыя пасля скандальнай нарады ў Воршы, не маюць асаблівага значэння для краіны. Большасць беларусаў перасталі сур'ёзна ўспрымаць гэтую ўладу і наогул не маюць патрэбы ў яе «паслугах».

Такое меркаванне ў інтэрв'ю primus.by заявіў кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка:

- Уладай дапушчана вялікая тэарэтычная памылка. Гэтыя прадпрыемствы ў Воршы, на якія з інспекцыяй прыязджаў Лукашэнка, маглі быць прыватызаваныя новым пакаленнем бізнэсоўцаў, якое павінна было вырасці, як у Кітаі, на падставе дробнатаварнай вытворчасці. Яны б спакойна перакупляць, бралі пад адказнае кіраванне прадпрыемствы ў Воршы, Барысаве, Баранавічах ды іншых гарадах.

Паўстала б новае пакаленне разважных інжынераў і мэнэджараў. Але гэтага не было зроблена.

Замест гэтага цяпер прыязджаюць розныя асобы. Я ведаю аднаго ўнучка царскага жандара з Сухумі. Ён тут з гор спусціўся і ўбіўся ў ласку да Лукашэнкі. Мне ён «спадабаўся» тым, што зладзіў сыну вяселле на мільярд даляраў: Стынга запрасіў, яшчэ там кагосьці.

Лукашэнка крычыць: на заводах дырэктары дрэнныя. А да яго самога прыязджаюць ну такія прайдзісветы, такія ашуканцы... Лукашэнка проста не разбіраецца ў людзях. Яшчэ адна двойка яму - за адсутнасць ведаў псіхалогіі.

Лукашэнка патрапіў у заганнае кола. Ён па-іншаму рабіць не ўмее, нічога іншага не ведае.

Бульбу перабіраць, як у показцы - гэты ён умее рабіць. Нават так скажам: ён гэта ўмее рабіць - а карысці?

Ён робіць тое, што звык рабіць на нарадах у саўгасе: «Брыгадзір Вася, паедзь, вазьмі ўгнаенні ў суседняй брыгады. А ты вазьмі трактары. Пецьку, п'янага трактарыста, адпраў у свіран».

Лукашэнка зняў міністра прамысловасці Воўка. А хто ж прызначаў яго міністрам? Можа быць, Лукашэнка, прызначаючы такіх міністраў, выконвае рэкамендацыю ліквідацыі Мінпрама?

Я б яму параіў прызначаць міністраў адразу з шыльдай: «Міністр таго-то з 1 студзеня да 1 лютага 2018 года». Каб прасцей было здымаць потым. Увесці такі часавы цэнз, каб не было «сенсацый».

Фактычна, палову міністэрстваў у Беларусі можна закрыць - і краіна гэтага не заўважыць. Памятаю фатаграфію ісландскага кабінета міністраў: там чалавек сем стаіць. Навошта Беларусі больш?

Беларускі ўрад працуе, як партком у савецкі час: сочыць, збірае, робіць «гарбуз», вешае «локшыну на вушы». Можна сказаць, што ў нашага ўрада засталося некалькі вельмі важных гароднінна-садавінавых функцый: «зрабіць гарбуз», «развесіць журавіны» і гэтак далей.

Лукашэнка ў працы з урадам не стае навізны. Ён збірае іх, «тыцкае» ім... А хай бы лепш прапанаваў кожнаму міністру напісаць тэзісы, чаму яго міністэрства павінна быць закрытае. Як у савецкі час камсамольцам прапаноўвалі пісаць характарыстыкі на саміх сябе.

Ратуе толькі тое, што людзі ўжо самі навучыліся жыць у гэтай галечы і не звяртаць на яго ўвагі. Лукашэнка крычыць: «Навошта траву ў асфальт закаталі?». Дык добра, што траву... А маглі і дырэктара завода ў асфальт закатаць. Ці міністра.

Беларусы даўно ўжо жывуць сваім жыццём, без урада. Едуць працаваць у Польшчу арматуршчыкамі і бетоншчыкамі - хутка, дарэчы, у нас гэтых спецыяльнасцяў наогул не застанецца. Уся гэтая ўлада, уся адміністрацыя Лукашэнкі існуе толькі для 933 тысяч пенсіянераў старэйшых за 70 гадоў. А ўсіх астатніх, усіх упраўных і разважных людзей, увесь гэты гармідар – мала абыходзіць.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках