4 траўня 2024, Субота, 22:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейку будуць судзіць за тое, што яе дзіця зляпіла снегавіка

20
Берасцейку будуць судзіць за тое, што яе дзіця зляпіла снегавіка
ФОТА З АДКРЫТАЙ КРЫНІЦЫ

Журналістаў - за асвятленне пратэстаў супраць завода.

Споўніўся год, як берасцейцы пратэстуюць супраць акумулятарнага завода, які будуецца непадалёк ад горада. 5 студзеня актывісты кампаніі супраць будаўніцтва прыехалі да заводу, каб адзначыць гэтую падзею. Некаторыя ўзялі з сабой дзяцей, тыя зляпілі снегавікоў. Для берасцейкі Юліі Нічыпарук лепка снегавікоў скончылася адміністрацыйным пратаколам, яго сёння склалі ў міліцыі Берасцейскага раёна. 30 студзеня жанчыну будуць судзіць.

«Нашы дзеці зляпілі снегавіка, мы дапамаглі ўпрыгожыць. За гэта мяне выклікалі ў міліцыю і склалі пратакол паводле артыкула 23.34 КоАП РБ. У пратаколе напісана, што на сярэдняй частцы снегавіка размешчаная ўлётка, на верхняй налепка. Я ўважаю, што гэта абсурд. Зараз цікава будзе паглядзець, чым усё гэта скончыцца ў судзе», - сказала «Белсату» Юлія Нічыпарук.

Таксама ў Берасці судзяць журналістаў, якія асвятляюць акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу. Чарговыя пратаколы складзеныя на Алеся Ляўчука і Мілану Харытонову, за супрацу з тэлеканалам. Іх будуць судзіць 25 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Берасця паводле артыкула 22.9 КоАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ). Журналістаў абвінавацілі ў тым, што 2-га і 30-га снежня мінулага году яны былі на цэнтральнай плошчы Леніна і бралі інтэрв’ю ў берасцейцаў, а потым відэа з’явіліся на сайце тэлеканалу «Белсат». Ляўчука і Харытонаву судзілі ўжо сем разоў, іх агульны штраф склаў больш за 6700 даляраў. Позвай у міліцыю на заўтра выклікаюць і незалежнага журналіста Яўгена Скрабца.

«На нас з Міланай Харытонавай складзена адразу 4 пратаколы. Кожнае наша з’яуленне на плошчы гэта пратакол, затым суд і вялікі штраф. За мінулае кармленне галубоў мы атрымалі 1200 даляраў штрафу. Улада робіць усе, каб СМІ не асвятлялі гэтую тэму. Але ў мяне наадварот расце жаданне займацца гэтай тэмай» – заявіў Алесь Ляўчук.

У сваю чаргу мясцовыя ўлады адмовілі жыхарам Берасцейскага раёну ў правядзенні мясцовага рэферэндуму. На рэферэндуме планавалася выказацца што да пытання будаўніцтва акумулятарнага заводу. Выканаўца абавязку старшыні выканкаму Берасцейскага раёну Віктар Лукашэвіч адказаў актывістам, што «будаўніцтва акумулятарнага заводу на тэрыторыі Берасцейскага раёну мае важнае і галоўнае значэнне для інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, гэта значыць дзяржавы ў цэлым, а не асобнага раёну, і ўключана ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, зацверджаную ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 2017 г. №31

Праваабаронца Раман Кісляк ужо заявіў, што ініцыятыўная група па правядзенні рэферэндуму плануе абскардзіць гэта рашэнне ў судзе.

«Улады адказалі, што будаўніцтва заводу гэта пытанне рэспубліканскага значэння, але калі праводзілі грамадскія слуханні, жыхароў Берасця на іх не запрасілі, калі мы ў іх пыталіся чаму, нам адказалі, што гэта кампетэнцыя выканкаму Берасцейскага раёну. Мы бачым, што ўлады трактуюць заканадаўства, так як ім зручна. Таму мы ідзём у суд» – распавёў Раман Кісляк.

З 25 лютага 2018 года берасцейцы выходзяць на галоўную плошчу гораду, дзе кормяць галубоў і абмяркоўваюць апошнія навіны, звязаныя з магчымай працай акумулятарнага заводу недалёка ад Берасця.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках