Iзраіль прызнаў Гуайдо новым кіраўніком Вэнэсуэлы
10- 27.01.2019, 20:48
- 13,461
ФОТА: AFP
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр краіны Біньямін Нэтаньягу.
Ізраіль прызнаў апазіцыйны ўрад Вэнэсуэлы на чале з Хуанам Гуайдо, заявіў прэм'ер-міністр краіны Біньямін Нэтаньягу.
Пра гэта паведамляе The Jerusalem Post (пераклад - «Новое время»).
"Сёння Ізраіль далучаецца да Злучаных Штатаў, а таксама да Канады, большасці паўднёваамэрыканскіх і еўрапейскіх краін, і я інфармую свет, што мы прызнаем новае кіраўніцтва ў Вэнэсуэле", - заявіў Нэтаньягу.
Нагадаем, 10 студзеня пачалася другая кадэнцыя Нікаласа Мадуры. Пасля інаўгурацыі 15 студзеня парламент Вэнэсуэлы абвясціў Мадуру ўзурпатарам.
Нацыянальная асамблея, кантраляваная апазіцыйнай большасцю, абвясціла другі тэрмін Мадуры нелегітымным. Кіраўніком парламента абралі 35-гадовага Хуана Гуайдо.
21 студзеня ў сталіцы краіны Каракасе група вайскоўцаў запатрабавала адхіліць прэзідэнта ад улады і заклікала грамадзян краіны далучыцца да паўстання. У сутыкненнях падчас пратэсту загінулі не менш за 14 чалавек.
23 студзеня Гуайдо абвясціў сябе "выканаўцам абавязкаў прэзідэнта". Аб падтрымцы Гуайдо заявілі ЗША, ЕЗ, Канада, Гватэмала, Бразілія, Аргентына, Пэру, Чылі, Парагвай, Гандурас, Коста-Рыка, Панама, Балівія ды іншыя краіны.
Лідары Францыі і Гішпаніі далі прэзідэнту Вэнэсуэлы Нікаласу Мадуру восем дзён на абвяшчэнне выбараў, інакш яны прызнаюць Хуана Гуайдо прэзідэнтам краіны.