Амаль 80% тэрытарыяльных «заваяванняў» арміі РФ у 2026 годзе аказаліся фэйкам
- 17.09.2026, 19:22
У Крамлі пануе «культура хлусні».
Неаднаразова паўтараючы, што яго «абдурыў» Захад, кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін усё часцей становіцца ахвярай «абдурвання» з боку вайскоўцаў, якія дакладваюць у Крэмль пра поспехі на ўкраінскім фронце, якіх у рэчаіснасці не існуе, піша The Moscow Times.
З пачатку года расійскія войскі ўзялі пад свой кантроль каля 650 кв. км украінскай тэрыторыі, падлічыў OSINT-аналітык Клеман Молен. Гэта на 80% ніжэй за ацэнкі, якія публічна даваў Пуцін: на пачатку ліпеня ён казаў пра «вызваленне» 3 тысяч кв. км з пачатку года, а да пачатку верасня, паводле яго слоў, дадалося яшчэ 270 кв. км.
На самой справе тэмпы наступлення расійскай арміі ў разы запаволіліся, вынікае з ацэнак Молена. На тыя ж даты летась войскі РФ узялі пад кантроль 3146 кв. км (то-бок у 5 разоў больш), а ў 2024 годзе — 1907 кв. км (то-бок утройчы больш).
«Афіцыйна Масква заяўляе, што кантралюе на 5000 кв. км больш, чым сцвярджаюць украінцы, і нават на 3000 кв. км больш, чым кажуць прарасійскія аналітыкі. Мэта гэтай прапаганды з лічбамі найперш унутраная: схаваць праблемы, паказаць, што армія ўсё яшчэ прасоўваецца і здабывае перамогі на фронце», — піша Молен.
Усё часцей вайскоўцы выкарыстоўваюць відэа, згенераваныя штучным інтэлектам, каб прадэманстраваць нібыта захоп населеных пунктаў, дзе іх ніколі не было. Паводле падлікаў Інстытута вывучэння вайны (ISW), з чэрвеня па жнівень у сетцы з'явілася не менш як 35 такіх ролікаў ад прынамсі 10 байцоў і брыгад.
Найбольш гучнай гісторыяй з ШІ-фэйкамі стаў «захоп» Святагорска, пра ўзяцце якога Пуцін заявіў на пачатку верасня. Таксама «нейравтыкамі» аказаліся захоп Нікалаяполля ў Данецкай вобласці, Белага Калодзежа ў Харкаўскай вобласці і яшчэ некалькіх дзясяткаў населеных пунктаў. Паводле слоў Пуціна, толькі ў жніўні армія «вызваліла» 15 з іх, а за студзень–ліпень — 133.
У расійскай арміі трывала ўкаранілася «культура хлусні», у выніку чаго вайскоўцы «сістэматычна дэзінфармуюць Пуціна пра стан лініі фронту», піша ISW. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да стварэння «выдуманай рэальнасці» ў свядомасці Пуціна, на якой той грунтуе сваю перамоўную пазіцыю па Украіне, лічаць эксперты інстытута.
«Хлусня і скажэнні расійскіх ваенных камандзіраў на розных узроўнях, верагодна, прыводзяць Пуціна да ўмацавання яго ўяўленняў пра тое, што расійскія сілы могуць дасягнуць пастаўленай ім мэты — поўнага захопу Данецкай вобласці да канца 2026 года», — піша ISW.