Менскае «Дынама» пацярпела восьмую запар паразу ў КХЛ
14- 27.10.2019, 20:38
- 14,963
«Зубры» саступілі хакеістам уфімскага «Салавата Юлаева».
Менскае «Дынама» скончыла хатнюю серыю ў Кантынентальнай хакейнай лізе паразай ад уфімскага «Салавата Юлаева» - 2:3 АД (1:0, 1:1, 0:1, 0:1), піша tut.by.
Ужо на першых хвілінах матчу Андрэй Сцяпанаў вывеў «зуброў» наперад. Пасля гэтага госці правялі некалькі небяспечных нападаў, але надзейная гульня Юнаса Энрота дазволіла менчукам сысці на перапынак лідарамі.

А на 30-й хвіліне Арцём Дзямкоў, рэалізаваўшы большасць, зрабіў лік 2:0. На жаль, утрымаць перавагу менчукі не змаглі. У другім і трэцім перыядах яны прапусцілі па шайбе ў меншасці пасля неабавязковых выдаленняў, а самі не змаглі рэалізаваць дзвюххвілінную большасць 5 на 3.
У овертайме Юнас Энрот некалькі разоў выратаваў каманду, але з кідком Кугрышава пад перакладзіну швэд, які адбіў за матч 35 кідкоў, справіцца не змог.

«Дынама-Менск»: Энрот (Талапіла); Граньяні - Яроменка - Спунер - Шор - Сцяпанаў; Гатавец - Явенка - А. Касціцын - Кавыршын - Прынс; Знахарэнка - Паўловіч - Гайнетдзінаў - Дзямкоў - Парэ; Дзянісаў - Крыскін - Дадонаў - Кітараў - Когалеў.

«Салават Юлаеў»: Карэеў (Метсола); Ларсен - Сяргееў - Баранаў - Хахракоў - Харцікайнен; Арзамасцаў - Пашнін - Сошнікаў - Манікен - Бурмістраў; Лісавец - Сямёнаў - Кугрышаў - Кадэйкін - Жаркоў; Мухамадулін - Гіматаў - Картаеў - Маёраў.
Гэта параза стала для «Дынама» восьмай запар. 30 кастрычніка менчукі згуляюць у Чэлябінску з аўтсайдэрам Усходняй канферэнцыі - чэлябінскім «Трактарам».