«Беларусы не могуць вывезці з Польшчы нават падгузнікі»
5- 19.05.2026, 13:11
- 2,348
Польскія прадпрымальнікі распавялі, як змяніўся прыгранічны гандаль.
Праз паўгода з моманту адкрыцця пунктаў пропуску «Кузніца — Брузгі» і «Баброўнікі — Бераставіца» на польска-беларускай мяжы прыгранічны гандаль не вярнуўся да былых абаротаў. Асноўная праблема — санкцыі на вываз тавараў фізічнымі асобамі. Пра гэта Polskie Radio Białystok распавяла прадстаўніца арганізацыі польскіх прадпрымальнікаў «Аб’яднаны Усход» (Zjednoczony Wschód) Эвеліна Грыгатовіч-Шумоўская.
«Яны [беларусы] не могуць купіць мыла, вывезці пральныя парашкі, нават туалетную паперу. Не могуць вывезці, напрыклад, падгузнікі», — патлумачыла яна.
Па яе словах, спіс тавараў, што падпадаюць пад абмежаванні, велізарны. Таксама дзейнічаюць цэнавыя абмежаванні. У прыватнасці, нельга вывозіць бытавую тэхніку і электроніку коштам больш за 300 еўра.
Пры гэтым, нягледзячы на адкрыццё мяжы, Падляскае ваяводства, паводле ацэнак прадпрымальніцы, прайгрывае канкурэнцыю Люблінскаму, дзе знаходзіцца пункт пропуску «Тэрэспаль». За апошнія гады значна вырасла колькасць аўтобусаў, што перасякаюць мяжу праз гэты пераход. На думку Эвеліны Грыгатовіч-Шумоўскай, адной з прычын можа быць розная інтэрпрэтацыя санкцыйных правілаў памежнымі службамі ў двух ваяводствах.
Напрыклад, за правоз некаторых мыйных сродкаў праз «Кузніцу» або «Баброўнікі» беларусаў могуць аштрафаваць. Пры гэтым праз «Тэрэспаль», паводле слоў прадстаўніцы прадпрымальнікаў, аналагічныя тавары могуць правозіцца без наступстваў. Гэта прыводзіць да таго, што частка беларусаў выбірае іншы маршрут.
Акрамя таго, на думку прадстаўніцы польскіх прадпрымальнікаў, за гады закрыцця мяжы змяніліся і цэны. Некаторыя тавары падаражэлі ўдвая. Гэта прывяло да таго, што прыгранічны гандаль перастаў быць настолькі прывабным, як раней. Да таго ж, паводле ацэнак Грыгатовіч-Шумоўскай, польскія прадпрымальнікі за гэты час прайгралі канкурэнцыю кітайцам.