Больш за палову расейцаў эканомяць на электрычнасці і газе
9- 27.10.2019, 21:41
- 11,365
Насельніцтва РФ, якое бяднее, збірае запазычанні.
Больш за палову жыхароў Расеі вымушаныя эканоміць на спажыванні энэргарэсурсаў, высветлілі сацыёлагі ВЦИОМа. Выдаткі электраэнэргіі, газу, цяпла і гарачай вады знаходзяцца ў сферы ўвагі 57% расейцаў, піша finanz.ru. У 2016 годзе гэтая лічба не перавышала 42%.
Часцей за ўсё расход рэсурсаў сёння кантралююць людзі 45-59 гадоў (56%) і старэйшыя за 60 гадоў (71%). Мацней пытанне эканоміі хвалюе людзей, якія пражываюць у малых гарадах з насельніцтвам да 100 тысяч чалавек (63%) і жыхароў мястэчак і вёсак (64%).
Траціна апытаных (33%) сочаць за спажываннем энэргарэсурсаў час ад часу. Эпізадычна эканомяць рэсурсы маладыя людзі 18-24 (39%) і 25-34 (38%) гадоў, а таксама жыхары Масквы і Санкт-Пецярбурга (51%).
Па звычцы надаюць увагу гэтаму пытанню 14% рэспандэнтаў. Не ставіць перад сабой задачы сачыць за спажываннем газу і цяпла 9% расейцаў. Наогул не сочаць за выдаткам энэргарэсурсаў 6% грамадзян, яшчэ 5% проста забываюць гэта рабіць.
Асноўным матывам кантраляваць спажыванне электраэнэргіі, газу, цяпла і гарачай вады з'яўляецца жаданне зэканоміць (79%). На другім месцы - трывога за захаванасць прыродных рэсурсаў. Пра гэта задумваецца 15% грамадзян, іх колькасць за апошнія чатыры гады вырасла ў пяць разоў.
Галоўнай прычынай стаў рост кошту энэргарэсурсаў, кажа кіраўнік аналітычнага ўпраўлення Фонду нацыянальнай энэргетычнай бяспекі Аляксандр Пасечнік. «Менш выдаткоўваеш энэргарэсурсаў - менш плаціш, а іх кошт павышаецца», - падкрэсліў ён.
Экспэрт нагадаў, што ў цэлым сітуацыя ў эканоміцы, «мякка кажучы, сёння пасрэдная», і «тых тэмпаў развіцця, якіх чакалі ў Мінэканамразвіцця, няма»: даходы насельніцтва падаюць шосты год запар і ўжо два гады не могуць паказаць росту, які нязменна абяцае ўрад.
Паводле вынікаў другога квартала 2019 года паказчык знізіўся на 1,3%, і ў кастрычніку Мінфін Расеі прызнаў, што чакаць пачатку аднаўлення ўзроўню жыцця пасля рэкорднага з 1990-х правалу сёлета ўжо не варта: прагноз па росце даходаў з 1% быў пагоршаны да мізэрных 0,1%.
Насельніцтва, якое бяднее, залазіць у банкаўскія крэдыты і збірае запазычанасці. Паводле звестак Мінбуда, наяўная запазычанасць за паслугі ЖКГ перавысіла паўтрыльёна рублёў.
Пры гэтым тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі растуць. У 2019 годзе адбылося іх двухэтапнае павышэнне: з 1 студзеня - на 1,7% і з 1 ліпеня - на 2,4%.