Пскоўскую вобласць «засыпалі» кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі
5- 7.10.2019, 21:16
- 16,085
Беларусы вязуць цыгарэты ў асноўным у Санкт-Пецярбург і ў Латвію.
Пскоўскую вобласць Расеі «засыпалі» кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі. Беларусы іх вязуць у асноўным у Санкт-Пецярбург і ў Латвію. Інфармацыя пра затрыманне гэтай кантрабанды рэгулярна з'яўляецца як на сайце пскоўскай мытні, так і ў мясцовых СМІ, паведамляе euroradio.fm.

У пачатку кастрычніка супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы спынілі ў Пскове мікрааўтобус «Газель», які рухаўся з Беларусі ў Санкт-Пецярбург. У ім выявілі 95 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасці. Дакументаў на груз у кіроўцы не было.
Праз тры дні ў тым жа Пскове спынілі мікрааўтобус Mercedes, які ехаў з Беларусі тым жа маршрутам. У ім везлі блізу 90 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт. Груз канфіскаваны, праводзіцца праверка, інфармуе pln-pskov.ru.
Праз Пскоўскую вобласць кантрабанда ідзе і ў Латвію. Як паведамляе прэс-служба Паўночна-Заходняга мытнага ўпраўлення, расейскія мытнікі злавілі з кантрабандай грамадзяніна Беларусі. Ён ехаў у ЕЗ на мінівэне Volkswagen Caravelle. У бакавых сценках знайшлі схаваныя цыгарэты. Мытнікі налічылі больш за 1300 пачкаў з акцызнымі маркамі РБ. Праводзіцца расследаванне.


