Дэмакраты запыталі ў Пентагона і Белага дома дакументы пра вайсковую дапамогу Украіне
1- 7.10.2019, 21:47
- 8,568
Дакументы павінны быць пададзеныя да 15 кастрычніка.
Дэмакраты Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША запыталі ў Пентагона і бюджэтнага бюро Белага дома дакументы, звязаныя з вылучэннем вайсковай дапамогі Украіне.
Пра гэта паведамляе nv.ua са спасылкай на CNN.
Адпаведную позву ў панядзелак, 7 кастрычніка, накіравалі сябры Палаты прадстаўнікоў у рамках расследавання пра імпічмент прэзідэнту ЗША Дональду Трампу.
Былі запытаныя дакументы, звязаныя з пастановай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа заблакаваць вылучэнне вайсковай дапамогі Украіне.
Дакументы павінны быць пададзеныя да 15 кастрычніка.
Спікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі абвясціла пра запуск працэдуры імпічменту Дональда Трампа праз магчымы ціск на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага падчас скандальнай тэлефоннай размовы.
Пасля рассакрэчвання стэнаграмы гутаркі камітэт выведкі Палаты прадстаўнікоў ЗША апублікаваў скаргу супрацоўніка амерыканскай выведкі, які першым указаў на магчымыя парушэнні з боку Трампа падчас гутаркі з Зяленскім.
Згодна з расшыфроўкай размовы, Трамп прасіў Зяленскага аднавіць расследаванне ў дачыненні да кампаніі Burisma, з якой звязаны сын Джо Байдэна Хантэр. Фактаў прамога ціску на Зяленскага ў дакуменце няма.