26 красавiка 2024, Пятніца, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байкот тэхагляду: ДАІ ўсё часцей пераходзіць на бок кіроўцаў

43
Байкот тэхагляду: ДАІ ўсё часцей пераходзіць на бок кіроўцаў
ФОТА: KP.BY

Акцыя салідарнасці аўтамабілістаў набірае абароты.

Колькасць машынаў без тэхагляду ў Беларусі ўжо перавысіла крытычную масу.

На гэтым фоне міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч паведаміў, што скасоўваць дарожны падатак ніхто не будзе, больш за тое – дзяржава мае намер зрабіць больш жорсткім кантроль за ягонай выплатай.

Адным з гарадоў, дзе праблема стаіць асабліва востра, стаў Бабруйск.

Як беларускія кіроўцы ставяцца да ініцыятываў уладаў пра дарожны падатак і ці будуць яны і далей яго байкатаваць?

На пытанні Charter97.org адказвае экс-кандыдат ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе №79 Арсень Чыгір.

– Як Вашы знаёмыя ставяцца да ідэі спаганяць дарожны падатак разам з тэхаглядам? Ці ўдзельнічаюць яны ў кампаніі байкоту, якую беларускія кіроўцы дэ факта абвесцілі дарожнаму збору?

– У мяне ёсць вялікая колькасць сяброў-аўтамабілістаў, якія падтрымліваюць гэты байкот. Нават тыя з іх, хто паводле грошай можа дазволіць сабе выплаты дзяржмыты, з прынцыпу не праходзяць тэхагляд, тым самым выказваючы пратэст супраць палітыкі дзяржавы.

А калі іх спыняюць прадстаўнікі ДАІ і спрабуюць выпісаць штраф, яны рознымі аргументамі паказваюць на тое, што гэты падатак абсурдны, і адкрыта выказваюць сваю незадаволенасць.

Літаральна нядаўна адбыўся выпадак, калі майго калегу спынілі і хацелі выпісаць штраф, ён пачаў вельмі эмацыйна і пераканальна выказвацца, што гэты несправядлівы збор ідзе незразумела куды і незразумела як выдаткоўваецца, пры гэтым якасць дарог жудасная і таму машыну даводзіцца рамантаваць значна часцей, чым раней (а машына ў яго пры гэтым даволі новая).

Ці такі прыклад: у майго калегі ёсць дзядуля, які раз на год адвозіць нешта на лецішча і другі раз, вясной, забірае нешта з лецішча. І больш цягам года ён не ездзіць. І ён вельмі абураецца з гэтай нагоды: чаму ягоны дзядуля павінен плаціць велізарную суму, калі карыстаецца аўто 2 разы на год?

Таму гэтае пытанне цяпер стаіць вельмі востра. Людзі імкнуцца кансалідавацца, аб'ядноўвацца, падтрымліваць адзін аднаго. Прынамсі, усеагульны пратэставы настрой праз тэхагляд і дарожны збор добра відаць.

– Вы расказалі пра выпадкі з сябрамі і знаёмымі. А што казалі незнаёмыя людзі на вашых пікетах для збору подпісаў і агітацыі?

– Вядома, калі людзі падыходзяць, яны пачынаюць размаўляць са мной пра самыя набалелыя тэмы. Адна з іх – гэта дарожны падатак і яго несправядлівасць.

Пры гэтым многія выказваюць сваё бачанне, як гэтае апытанне развязаць. Самае папулярнае меркаванне – уключыць дарожны падатак у кошт паліва. Гэта будзе лагічна: хто больш карыстаецца аўто, той і больш плаціць – і наадварот.

Акрамя таго, усе звяртаюць увагу на другую немалаважную рэч: сама сістэма збору і выдаткавання гэтага падатку непразрыстая. Мы не бачым, куды гэтыя грошы ідуць і ці выкарыстоўваюцца яны на прызначэнне. Таму што якасць дарог наўпрост залежыць ад транспартнага збору, але пакідае жадаць лепшага. Не кажучы ўжо пра нейкія дваровыя тэрыторыі, нават гарадскія дарогі і вялікія нацыянальныя трасы маюць адрэзкі, якія знаходзяцца ў жаласным стане.

Гэта вядома даўно, але нядаўна адзін дальнабойнік апавёў мне паказальную гісторыю. Ён ехаў транзітам у Еўропу па нацыянальнай трасе – так званай «алімпійцы». І там такая выезджаная каляіна, што маладыя і маладасведчаныя кіроўцы могуць проста не даехаць – трапіць у ДТЗ з рызыкай для свайго і чужога жыцця.

– А як Вы думаеце – якім павінна быць развязанне гэтай праблемы з дарожным падаткам?

– Я мяркую, што падыход павінен быць комплексным: тут няма нейкага ўніверсальнага рэцэпту. У першую чаргу – скасаваць выплату дарожнага збору разам з тэхаглядам і прывязаць яе да кошту паліва.

Другое: узмацніць кантроль грамадства над выдаткаваннем гэтага (і не толькі гэтага) падатку. Механізм выдаткавання дарожнага збору павінен быць максімальна празрыстым: аж да таго, каб любы ахвотны мог зайсці на спецыяльны інфармацыйны партал і даведацца, куды пайшлі сабраныя з кіроўцаў грошы – да капейкі.

Толькі тады знікне ўсеагульная незадаволенасць гэтым падаткам: калі людзі ўбачаць, што грошы ідуць туды, куды трэба, а не на нейкія палацы, чарговыя рэзідэнцыі і гэтак далей.

– А вось прэм'ер-міністр Сяргей Румас прапанаваў дыяметральна процілеглы захад: узмацніць кантроль не за чыноўнікамі, якія адказваюць за якасць дарог, а за кіроўцамі, якія байкатуюць падатак – з дапамогай фотапастак і г.д. Пры гэтым улады хочуць сабраць у наступным годзе з кіроўцаў больш за 300 млн рублёў. Да чаго можа прывесці такі падыход?

– Думаю, што гэта толькі ўзмоцніць незадаволенасць людзей і жаданне байкатаваць ініцыятыву ўладаў. І нават тая невялікая колькасць кіроўцаў, якая яшчэ плаціць дарожны падатак, далучыцца да кампаніі масавага пратэсту.

Цяпер, хоць яшчэ і не вельмі шмат, але сустракаюцца супрацоўнікі ДАІ, якія «пераходзяць на бок» кіроўцаў: спыніўшы машыну без тэхагляду, яны ўсё ж такі адпускаюць яе без штрафу, таму што і самі з'яўляюцца аўтаўладальнікамі і таксама трапляюць пад гэты несправядлівы падатак .

Думаю, што ў адказ на «ініцыятывы» ўрада ўзрасце і колькасць такіх супрацоўнікаў ДАІ, і самі кіроўцы пачнуць звяртацца да больш хітрых спосабаў, каб не плаціць дарожны падатак. У выніку кампанія байкоту стане яшчэ больш масавай, а незадаволенасць грамадзянаў толькі вырасце. А бюджэт зноў застанецца без тых грошай, якія мог бы атрымаць, увёўшы больш адэкватны і разумны метад.

– Яшчэ з пачатку мінулага стагоддзя існуе меркаванне, што аўтамабіль робіць чалавека больш свабодным. Беларускія аўтамабілісты ў 2011 годзе паказалі, як лёгка яны могуць пакараць улады, калі вялі яркую і паспяховую акцыю «Стоп-бензін». Украінскія аўтамабілісты падчас Евромайдана былі ў авангардзе пратэстаў, арганізаваўшы мабільны «Аўтамайдан»... Ці могуць нашы кіроўцы зноў паказаць прыклад таго, як быць свабоднымі людзьмі?

– Вельмі хацелася б, каб так і было. Вельмі хацелася б, каб людзі былі салідарныя, нягледзячы на тое, якія катэгорыі грамадзянаў падпадаюць пад прыцясненне з боку дзяржавы.

Улады разумеюць, што ў кіроўчай салідарнасці вялікі патэнцыял, і імкнуцца раз'яднаць.

Таму я хачу заклікаць усіх беларусаў увогуле, а кіроўцаў асабліва, быць салідарнымі ў абароне сваіх правоў, аб'ядноўвацца, падтрымліваць мерапрыемствы іншых групаў грамадзянаў, якія паказваюць сваё жаданне быць вольнымі людзьмі.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках