21 лiстапада 2019, Чацвер, 12:38
Праўда пра «выбары»
Рубрыкі

Лекар: Лукашэнку пара пачаць турбавацца

83
Лекар: Лукашэнку пара пачаць турбавацца

Ёсць сілы, якія могуць паставіць на месца нават самыя высокія чыны.

Падчас наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі (РНПЦ) Лукашэнка заявіў, што працоўная міграцыя беларускіх лекараў за мяжу яго асабліва не хвалюе.

«Нас гэта не напружвае. Міністр кажа, што цягам двух гадоў наогул гэтую праблему недахопу лекараў у медустановах ліквідуем, — сказаў дыктатар. - Вазьміце, колькі прыязджае да нас у клінікі не толькі нашых суайчыннікаў з Ізраіля, а проста лекараў, якія там выраслі. З Амерыкі вельмі шмат, асабліва ў сэрцава-судзінных захворваннях».

Ці так гэта напраўду? На пытанні Charter97.org адказвае кандыдатка ў дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», прафесійны медык Алена Церашкова.

- Паводле нават афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі лекары і медсёстры ўваходзяць у лік самых дэфіцытных спецыялістаў. Як вы пракаментуеце на гэтым фоне словы Лукашэнкі аб тым, што адток медыкаў за мяжу яго не напружвае?

- Той факт, што Лукашэнка не вельмі непакоіцца за лёсы нашых лекараў - гэта не навіна. Інакш бы сітуацыя з кадрамі і заробкамі ў гэтай сферы даўно б змянілася ў лепшы бок. Мы з калегамі смяяліся, калі абмяркоўвалі нядаўнюю прапанову чыноўнікаў падвысіць заробкі лекарам удвая да 2025 года.

Можна нават выказаць здагадку, як гэта можна будзе зрабіць - проста трэба кожнага лекара абавязаць працаваць на дзве стаўкі. Тады і затлумляцца гэтым пытаннем не давядзецца і абяцанне Лукашэнкі будзе выкананае.

Мяне радуе, што ўзровень нашых лекараў прызнаецца ў Еўропе. Нягледзячы на гэта я мяркую, што якасць адукацыі агулам у Беларусі зніжаецца. Паступова гэта адбіваецца і на якасці нашай медыцыны. Аднак запатрабаванасць нашых спецыялістаў за мяжой гаворыць аб тым, што не ўсё яшчэ знішчанае ў айчыннай медыцыне.

Кадравы голад у Беларусі прадаўжаецца ўжо не адзін год. І калі мы сутыкаемся з такімі праблемамі, што людзі не могуць своечасова абследавацца, гэта азначае, што існуе праблема нізкай даступнасці якаснай медыцынскай дапамогі.

У Беларусі ўлады заяўляюць, што медыцына бясплатная. Але я думаю, што блытаюцца паняцці «бясплатнасць» і «даступнасць». Тое, што я не плачу за візіт у паліклініку, не азначае, што я атрымліваю там якасную дыягностыку і своечасовую дапамогу. Апошнім часам даступнасць да якасных медыцынскіх паслуг зніжаецца, у тым ліку праз адток спецыялістаў у іншыя краіны.

Гэта б'е па беларусах адразу з некалькіх бакоў. Па-першае, мы можам тонамі рыхтаваць студэнтаў, але калі яны прыходзяць на працоўныя месцы, а больш дасведчаныя калегі ўжо паспелі з'ехаць, ім проста няма ў каго вучыцца. На гэта рэальна балюча глядзець - людзі прыходзяць таленавітыя і матываваныя.

У медыцынскіх ВНУ павінна перадавацца асноўная частка практычных ведаў. Але гэтага не адбываецца, бо ўніверсітэцкія лекары занятыя іншым і не могуць надаваць належнай увагі маладым спецыялістам. У выніку, найлепшыя пераходзяць у прыватную медыцыну ці ўвогуле з'язджаюць за мяжу.

На месцы Лукашэнкі я б усё ж занепакоілася існай праблемай адтоку нашых лекараў. Я не веру, што беларускім медыкам падымуць заробак настолькі, што лекарам жыць і працаваць у Беларусі стане больш выгадна, чым у Польшчы. Эканамічная сітуацыя ў краіне паказвае, што такі імклівы ўзлёт заробкаў у сістэме аховы здароўя проста немагчымы.

Гэтую праблему трэба развязваць комплексна. Нашы ўлады разумеюць, што лекары - людзі інтэлектуальна развітыя. А кожны інтэлектуал - так ці інакш - імкнецца да асабістай свабоды. Людзі разумеюць, што лепш тут не будзе – гэта і прымушае некаторых людзей нават да змены сферы дзейнасці. Адбываецца адмоўны адбор, і медыцына губляе ўсё больш і больш спецыялістаў - гэта вельмі трывожна.

- Заробкі польскіх лекараў складаюць блізу 3-4 тысяч еўраў. Як на гэтым фоне выглядаюць рэальныя даходы беларускага медыка?

- Гледзячы з якога боку паглядзець. Ва ўзроўні заробкаў розніца, вядома, істотная. Але ў некаторых аспектах у Беларусі нават лепшая, чым у Польшчы, сацыяльная абароненасць. Напрыклад, у Польшчы значна вышэйшы кошт дзіцячых садкоў. За кошт такіх паказчыкаў дасягаецца пэўны баланс.

Калі паглядзець на кошты прадуктаў, то яны прыкладна аднолькавыя ў дзвюх краінах. Але трэба сказаць, што сама якасць прадуктаў у Польшчы лепшая. Хоць бы таму, што яны ў Еўропе значна менш забруджаныя радыенуклідамі.

Таму судзіць аб якасці жыцця варта не толькі з сумы заробку. Я б не сказала, што тыя, хто пераедзе працаваць у Польшчу, будзе жыць лепш у 10 разоў.

Але беларусы хочуць не проста звацца «людзьмі», яны хочуць жыць як людзі. Ва ўмовах дыктатуры годна жыць могуць дазволіць сабе адзінкі, і мы ўсе ведаем, пра каго я кажу.

- Значны разрыў у даходах паміж Менскам і правінцыяй — адна з характэрных рысаў Беларусі. Што вы можаце сказаць аб становішчы сельскіх лекараў, асабліва тых, хто адпрацоўвае размеркаванне?

- Прымусовае размеркаванне маладых спецыялістаў на перыферыю – гэта адна з праяваў несвабоды ў нашай краіне. Калі б там быў супастаўны з Менскам узровень жыцця - гэта быў бы выдатны варыянт.

У нашай краіне існуе такая практыка, калі «цяжкіх» пацыентаў з перыферыі накіроўваюць у абласныя цэнтры, ці ў Менск, ці ў навукова-даследчыя інстытуты. Людзі на перыферыі ў кожным выпадку павінны ўмець спраўляцца з больш «простымі» выпадкамі. Таму ў гэтым сэнсе маладому лекару лепш пачынаць сваю кар'еру як раз у невялікіх населеных пунктах.

Але калі чалавек жыў у буйным горадзе, меў пэўны ўзровень жыцця, быў у стане яго забяспечваць, а яго змяшчаюць ва ўмовы рабства і дэфіцыту самага неабходнага – якаснага жылля і ежы, то няма гарантыі таго, што чалавек наважыць прысвяціць усе свае сілы на засваенне спецыяльнасці.

- Акрамя грэблівага стаўлення да прафесіяналаў у беларускай ахове здароўя бесперапынна здараюцца скандалы альбо са знікненнем з гандлёвай сеткі важных лекаў (апошнім часам знік ёдамарын) альбо з недаступнасцю імпартных прэпаратаў, напрыклад, для хворых на анкалогію. Як вы пракаментуеце гэтыя «эксперыменты» са здароўем грамадзян?

- Праблема ў тым, што эканоміка Беларусі знаходзіцца на ручным кіраванні. І пакуль так будзе прадаўжацца, «машына» хутка не паедзе. Ёсць аб'ектыўныя законы рынку і канкурэнцыі. Калі іх ігнараваць, сваімі вачыма за ўсім не ўсочыш.

Не ўсочыш, які прэпарат і ў які момант знік з аптэк, дзе неабходна правесці дадатковыя даследаванні, дзе можна адмовіцца ад аднаго лекавага сродку і перайсці да яго аналагу і гэтак далей.

У Беларусі ў аснове ўсяго стаяць нейкія ўмоўныя прыдуманыя паказчыкі, якіх своечасова трэба дасягаць. І якасць працы нашымі ўладамі ва ўсіх сферах ацэньваецца адпаведна з тым, ці адпавядае паказчык на сёння іх запыту, а не згодна з тым, наколькі яго велічыня адпавядае інтарэсам народа. Мы наступаем на тыя ж самыя граблі.

Справа не ў тым, што знік ёдамарын, а ў тым, што яго адсутнасць зусім не турбуе тых, хто замест таго, каб рабіць сваю працу, падладжваецца пад дыктатуру.

- Ці можна казаць аб тым, што ў Беларусі існуюць дзве медыцыны: для Лукашэнкі і ягоных набліжаных, для якіх нядаўна пабудавалі новую лякарню за 100 мільёнаў еўраў, і для звычайных грамадзян, якіх часам кладуць на падлогу ў калідоры і дзеці якіх могуць памерці ад сумнеўнай вакцыны?

- Расслаенне медыцыны для народа і для «слуг народа» існавала заўсёды. Паверце, калі добрых лекараў у краіне не будзе ў прынцыпе, іх не будзе і для «лечкамісіі». Там гэтак жа існуюць пэўныя кадравыя праблемы. Так, пакуль яны не б'юць па больш «сціплай» частцы «слуг народа». Але рана ці позна, і ў гэтых кабінетах будуць сядзець лекары, далёкія ад жаданай кваліфікацыі. Таму што спецыялісты з неба не ўпадуць.

Людзі, якія з'яўляюцца прафесіяналамі сваёй справы, проста не пойдуць туды працаваць. Спецыяліста-інтэлектуала немагчыма прывабіць у сістэму, дзе ён будзе працаваць на ўзроўні прыслугі. Ад таго, што лекар змяніў нумар лякарні або маршрут паездкі на працу, да яго лепш ставіцца не стануць, бо ў Беларусі часцяком аб лекараў проста выціраюць ногі.

Мяркуючы з таго, што я сама бачу падчас сваёй працы - некаторыя чыноўнікі адчуваюць сябе бяссмертнымі. Таму што на прыёме яны могуць пачаць хаміць тым, хто іх праз некалькі дзён будзе апераваць.

Мы нікому не помсцім, але дакладна ведаем, што ёсць Бог, які часам можа паставіць на месца нават самыя высокія чыны. Лекары ставяцца да ўсіх аднолькава - без сацыяльна абумоўленых фактараў. Чыноўнікі павінны зразумець, што ва ўмовах вузкай спецыялізацыі геніяў з кожнай вобласці ў «лечкамісіі» не выстарчыць!

- У вашай перадвыбарнай праграме ёсць пункт аб медыцынскай рэформе ў Беларусі. Калі коратка: што трэба змяніць перш за ўсё, каб медыцына ў нашай краіне была даступнай і якаснай?

- У нас ёсць праграма развіцця сістэмы аховы здароўя і розныя праграмы прафілактыкі. Быў раней лозунг «Савецкая медыцына - прафілактычная медыцына». Калі б такі прынцып укараніць у сучасную беларускую медыцыну, то ў нас медыцына стала б значна лепшай.

Аснова прапанаванай намі рэформы – беражлівае стаўленне да кадраў і стварэнне нармальных умоў для працы. Цяпер жа не зусім рацыянальна выкарыстоўваюцца як кадравыя рэсурсы, так і фінансавыя.

Як і ў кожнай іншай сферы, медыкі задушаныя планавымі паказчыкамі. Вы будзеце смяяцца, але, да прыкладу, у педыятраў ёсць свае планы. Калі на ўчастку якога-небудзь лекара дзеці не хварэюць, значыць, ён не выконвае план наведванняў і яго за гэта будуць лаяць.

Трэба пазбавіць медыцыну ад такіх нонсэнсаў. А выратаваныя нервы і рэсурсы дапамаглі б лекарам ужо самастойна падняць якасць і даступнасць абслугоўвання.