26 красавiка 2024, Пятніца, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сцяпан Святлоў: Лукашэнка – гэта савок ва ўсім

34
Сцяпан Святлоў: Лукашэнка – гэта савок ва ўсім
СЦЯПАН СВЯТЛОЎ
ФОТА: BELSAT.EU

Краіну трэба выцягваць з гэтага балота.

Самы папулярны блогер Беларусі Сцяпан Святлоў (NEXTA) даў вялікае інтэрв'ю «Белсату». Ягоны фільм «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» набраў больш за 1,5 мільёнаў праглядаў на youtube.com і блізу 600 тысячаў у іншых сацсетках.

Пасля гэтага блогер прапанаваў сёння 8 лістапада а 18-й абмеркаваць фільм у Менску на плошчы Свабоды.

Тата патлумачыў мне, што адбываецца ў краіне

У дзяцінстве мне бацька апавядаў, што на самай справе адбываецца ў Беларусі. Потым я пачаў самастойна шукаць інфармацыю, чытаў незалежныя сайты і зразумеў – нешта не так. Мне было тады 13. Гэта моцна паўплывала. Я хадзіў на палітычныя акцыі. Апошняя была ў лютым 2017 года. Тады ў Менску людзі выйшлі на «Марш абураных беларусаў» супраць дэкрэта аб дармаедстве. Прыйшоў туды з сябрамі. Убачыў шмат маладых і зразумеў, што будучыня не страчаная.

Спачатку была музыка

Гурт NEXTA з'явіўся ў ліцэі [Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа – фактычна падпольная ўстанова адукацыі, дзе ўсе прадметы вывучаюцца на беларускай мове. – Belsat.eu]. Мы гралі каверы на ліцэйскіх канцэртах.

Першую тысячу старых беларускіх рублёў мы зарабілі, граючы ў падземным пераходзе. Я граў на трубе, а сябар – на гітары. Потым з'явіўся яшчэ адзін гітарыст. Вось так і з'явіўся наш гурт. Але мы зрабілі толькі тры трэкі.

Я сам прыдумаў канцэпцыю песні «Выбару няма» [кавер на песню «Выйсця няма» гурта Сплін. – Belsat.eu], якая выйшла напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Слухаў тады Сплін і падумаў, што ў Беларусі ў сутнасці тое самае – за 20 гадоў нічога не змянілася, і накідаў тэкст. А фінальную версію нам дапамог зрабіць адзін вядомы паэт. Ён прасіў не называць ягонага імя.

Увогуле розную музыку люблю і лайкаю ўсё запар. Падабаецца Скрабін, Three Days Grace, Oxxxymiron. Я, дарэчы, прапаноўваў хлопцам з гурта зноў сабрацца, але нешта не атрымліваецца. Хоць усе, хто граў у NEXTA, цяпер жывуць у Польшчы.

Уся сям'я мяне падтрымлівае

Мама спачатку з насцярожанасцю ставілася да майго ўлогерства, а потым змірылася. У прынцыпе, у маёй сям'і ўсе мяне падтрымліваюць і падзяляюць мае погляды. Не з усім згаджаюцца, але чытаюць, раяць.

Раней я быў за байкот. Цяпер – за рэвалюцыю ў свядомасці

У 2015 годзе выбары былі безальтэрнатыўнымі. Я думаў, што байкот – гэта адзіны слушны шлях. Я спадзяюся, што мае падпісчыкі, якія прыйдуць на акцыю 8 лістапада ў Менску, дапамогуць разабрацца, што рабіць цяпер і якія дзеянні распачаць перад выбарамі 2020 года. Невядома, што будзе праз год, якія будуць кандыдаты і ці будуць вулічныя пратэсты.

Я выступаю за рэвалюцыю. Рэвалюцыю ў свядомасці беларусаў. Проста лайкаў недастаткова. Я не заклікаю людзей выходзіць на вуліцу. Я заклікаю адстойваць свае правы. Хоць бы там, дзе вы працуеце. Я заклікаю фіксаваць бязмежжа і публікаваць гэта. І пачынаць трэба з сябе.

Я не правы і не левы

Гэты падзел на правых і левых злёгку састарэў. Я стараюся ўзважана падыходзіць да ўсяго. Усё роўна, гэта легалізацыя марыхуаны ці нешта яшчэ. Трэба проста паглядзець на развітыя краіны, якія гэта ўжо ўкаранілі, ацаніць усе мінусы і плюсы. Але галоўнае, каб гэта не была пастанова аднаго чалавека. Успомніце забарону на продаж алкаголю ў Беларусі, якую Лукашэнка ўзяў і прыбраў сваёй валасатай рукой.

Лукашэнка – гэта...

Лукашэнка – гэта савок ва ўсім. У поглядах і справах.

Пра парламенцкія выбары-2019

Удзел маладых людзей у цяперашняй парламенцкай кампаніі лепш, чым лайдацтва і сядзенне на канапе. Любы рух прыносіць карысць. Калі ты сядзіш – дакладна нічога не зменіцца. Трэба размаўляць з людзьмі, прасоўваць свае ідэі, не баяцца і спрабаваць нешта змяніць.

Краіну трэба выцягваць з гэтага балота. Мы ўжо не на дне. Мы пад ім. Палова краіны хоча з'ехаць, а другая не бачыць перспектываў.

Апазіцыя

Беларуская апазіцыя – яна розная. Улада 25 гадоў рабіла ўсё, каб яна не аб'ядноўвалася. Таму цяпер яе лёгка паліваць брудам і таўраваць. Безумоўна, ёсць апазіцыянеры, што прайшлі турмы, ставілі жыццё пад небяспеку і бралі на сябе адказнасць за тысячы людзей.

Малайцы, што яны нешта робяць. Дрэнна, што раз'яднаныя. Але назваць чалавека з апазіцыі, якога бачу ў прэзідэнцкім крэсле, я не магу.

Калі давядзецца выбраць паміж «Белсатам» і блогерствам

Я люблю «Белсат», але калі трэба будзе выбіраць, то я выберу блогерства. Блог – гэта свабода. «Белсат» – гэта заробак.

Я гатовы працаваць грузчыкам, але сваю справу не кіну і буду далей займацца блогерствам.

У Беларусі на 1000 праглядаў на YouTube можна зарабіць $ 0,3

На 1 млн праглядаў я зарабляю $ 300.

У нармальных краінах за 1.000 праглядаў даюць $ 1. Такі вось рынак рэкламы. Беларускі бізнэс баіцца даваць рэкламу ў маім Telegram'е. У асноўным рэкламадаўцы самі на мяне выходзяць, але яны з Расеі. Часам гэта нейкія паблікі. Часам кампаніі. Я заўсёды іх правяраю на наяўнасць пракрамлёўскага дыскурсу. Рэклама ў мяне каштуе ад $ 300 да $ 1000.

Прадакшн NEXTA

Цяпер я раблю ў сябе дома студыю. Збіраю каманду і планую запусціць эфіры на YouTube. Ёсць шмат ідэй. А ў будучыні хачу адкрыць прадакшн або школу блогераў.

Я тут з шавурмой, а яны хочуць сэлфі

У Варшаве быў выпадак, калі я набыў сабе шавурму і тут падыходзяць хлопцы і просяць зрабіць з імі сэлфі. Не люблю, калі мяне пазнаюць на вуліцы.

Мой настаўнік – YouTube

У асноўным я глядзеў расейскіх блогераў і стараўся стварыць нешта сваё. Увогуле, мой галоўны настаўнік – YouTube. З беларускімі блогерамі сябрую. Праўда, Улад Бумага [беларускі блогер. – Belsat.eu] мне ніколі не пісаў. Анатоль Шарый [украінскі блогер. – Belsat.eu] – цікавы кейс, але я яго асуджаю.

Мне здаецца, свабода слова мае на ўвазе, што павінны быць блогеры за Лукашэнку, якія гавораць ад імя гэтых 10% людзей, і тыя, хто супраць яго.

У мяне разумныя падпісчыкі

На мяне падпісаныя людзі, якія думаюць. Калі яны з нечым не згодныя, то абавязкова гэта адкаментуюць. Дарэчы, у апошні час стала больш хейтараў. Падобна на тое, што было створанае нешта накшталт фабрыкі троляў. Яны лайкаюць адзін аднаго і падымаюць рэйтынг. Нармальныя людзі іх лёгка вылічаюць.

Інтэрв'ю запісаў Юра Высоцкі

Фота: Дзяніс Дзюба

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках