«Усё добра, цудоўная маркіза?»
9- 31.12.2019, 21:39
- 21,058
Як менскае «Дынама» павіншавала Лукашэнку з Новым годам.
30 снежня менскае «Дынама» правяло заключны ў 2019 годзе матч чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. І ўстанавіла антырэкорд, пацярпеўшы 12-ю паразу запар.
Да гэтага ў пасіве менчукоў былі серыі з 11 прайграных матчаў. Але тузін правалаў выбудаваўся ў адзін ланцужок упершыню, піша «Салідарнасць».
Сімвалічна, што антырэкорд быў усталяваны ў гульні з горшай на той момант камандай КХЛ - рыжскім «Дынама». Прайграўшы яму на «Менск-Арэне» з лікам 0:2, «зубры» заадно і памяняліся з гасцямі месцамі, апусціўшыся на апошні радок зводнай табліцы лігі.
Вельмі характэрным апынуўся эпізод матча, калі форвард гаспадароў Франсіс Парэ не змог закінуць шайбу нават, калі «рамка» спаборнікаў засталася без брамніка.
Последний игровой день подарил сэйв недели/месяца/года? pic.twitter.com/2p0fG9U79U
— КХЛ (@khl) 31 декабря 2019 г.
У 42 матчах менчукі пацярпелі 33 паразы. Шанцы на плэй-оф практычна страчаныя яшчэ да Новага года.
Аднак галоўны трэнер «Дынама» Крэйг Вудкрафт у адстаўку не збіраецца. Пасля паразы ад рыжан трэнеру задалі пытанне: «Ці няма ў вас адчування, што вы ўжо не можаце дапамагчы камандзе?»
- Не, мяне не наведваюць такія думкі, - адказаў Вудкрафт. - Няма сумненняў, што гэта сапраўды цяжкі час для каманды, але вы ніколі не ўбачыце, як я ці трэнерскі штаб складуць рукі. Адзіны спосаб пераадолець цяжкасці - гэта працаваць над сабой і сваёй гульнёй. Трэба знаходзіць найменшыя пазітыўныя моманты, каб адштурхоўвацца ад іх.
Дзіўна і адсутнасць рэакцыі з боку кіраўніцтва клуба. Любога беларускага трэнера за такія вынікі даўно пагналі б паганай мятлой, а канадзец нібы валодае статусам недатыкальнага. У апошні час маўчыць нават Аляксандр Лукашэнка, які рэгулярна каментуе хакейныя «дасягненні»: у асноўным, пры дапамозе эпітэтаў «ганебшчына» і «стыдобішча».
Увогуле, «Дынама» пара мяняць гімн на гэтую песеньку...