Міхаіл Пастухоў: Канстытуцыя 1994 года была адзінай легітымнай канстытуцыяй нашай краіны
17- 9.02.2019, 20:34
- 23,367
Фота: tut.by
Каля 50-ці дэпутатаў Вярхоўнага савета 12-га і 13-га скліканняў сабраліся напярэдадні гадавіны прыняцця Канстытуцыі.
Блізу 50 дэпутатаў Вярхоўнага савета 12-га і 13-га скліканняў сабраліся на першую за дзесяцігоддзі сустрэчу напярэдадні 25-й гадавіны прыняцця Канстытуцыі Беларусі 1994 года. Дэпутаты першых скліканняў парламента, які перастаў існаваць пасля палітычнага канфлікту з Лукашэнкам у 1996 годзе, называюць тыя падзеі няйначай як канстытуцыйным пераваротам і па гэты дзень уважаюць сябе за сябе апошніх прадстаўнікоў легітымнай улады ў краіне.
Экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, які ў 1996 годзе адзіны з 12 суддзяў напісаў асобнае меркаванне, не пагадзіўшыся з тым, што КС спыніў справу імпічменту, падзякаваў дэпутатам, якія ў 1994 годзе выбралі яго на судзейскую пасаду.
- Хачу паведаміць вам, што я не здрадзіў канстытуцыі, на якой прысягаў, - сказаў Пастухоў пад воплескі прысутных. - Я дагэтуль мяркую, што гэтая канстытуцыя з усімі хібамі, якія вы назвалі, была адзінай легітымнай канстытуцыяй нашай краіны. Усе астатнія папраўкі, якія ўносіліся на «рэферэндумах», - гэта проста лухта, ад якой трэба ачысціць нашу Канстытуцыю, - цытуе Пастухова tut.by.
Пастухоў заявіў, што аднойчы ў краіне павінен з'явіцца Вярхоўны савет 14-га склікання, які працягне «эстафету парламентарызму».