20 красавiка 2024, Субота, 6:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першая жаночая місія NASA абвешчаная 8 сакавіка

2
Першая жаночая місія NASA абвешчаная 8 сакавіка
ФОТА: NASA

У Міжнародны жаночы дзень NASA абвясціла пра першую ў гісторыі касмічную місію, якую выканаюць выключна жанчыны.

Іх будзе чацвёра: Эн Маклейн і Крысціна Кох выйдуць у адкрыты космас, прыкладна ў 400 км над Зямлёй, каб замяніць сонечныя батарэі МКС. Пры гэтым з Зямлі кіраваць палётам будзе Мэры Лоўрэнс, а за пульт кіравання касмічнай прагулкі стане Джэкі Кейгі, паведамляе BBC.

Маклейн ужо знаходзіцца на борце МКС са снежня мінулага года. Крысціна Кох далучыцца да касмічнага экіпажу праз тыдзень, 14 сакавіка.

Гэты дзень (3.14 - у традыцыйным амерыканскім запісу) у ЗША неафіцыйна адзначаюць як Дзень ліку пі (3,14), таму запуск карабля «Саюз МС-12» да МКС запланаваны на 03:14 папаўдні паводле часу ўсходняга ўзбярэжжа ЗША (19:14 па Грынвічу).

Выхад Маклейн і Кох у адкрыты космас запланаваны на 29 сакавіка (той жа дзень, калі спыняецца сяброўства Вялікабрытаніі ў ЕЗ) - так што ён паспее прайсці ў гэтым месяцы, які абвешчаны ў ЗША Месяцам жанчын у гісторыі (Women's History Month).

ФОТА: NASA

Зрэшты, як сцвярджаюць у NASA, апошняе - чыстае супадзенне: усе тры выхады ў адкрыты космас 58-й экспедыцыі былі запланаваны яшчэ мінулай восенню.

Між іншым, за тыдзень да гэтага, 22 сакавіка, Маклейн паспее пабываць у адкрытым космасе з іншым напарнікам, Нікам Хейгам.

Навукоўца і вайсковец

І Крысціна Кох, і Эн Маклейн - выпускніцы групы астранаўтаў, набранай NASA ў 2013 годзе, палову якой складалі жанчыны.

ЭН МАКЛЕЙН АМАЛЬ ШТОДНЯ РАСКАЗВАЕ ПРА СВАЮ ПРАЦУ НА МКС У «ТВІТЭРЫ»
ФОТА: NASA

39-гадовая Маклейн, з яе ўласных слоў, марыла адправіцца ў космас з ранняга дзяцінства.

У яе тры вышэйшыя адукацыі: у Вайсковай акадэміі ЗША яна вывучылася на інжынера-механіка, затым скончыла магістратуру Універсітэта Бата ў Англіі, а потым атрымала яшчэ адзін магістэрскі дыплом ва Універсітэце Брыстоля, па спецыяльнасці «міжнародная бяспека».

Пятнаццаць месяцаў Маклейн адслужыла ў Іраку пілотам гелікаптэра і даслужыўся да звання падпалкоўніка, на яе рахунку больш за 200 баявых вылетаў.

КРЫСЦІНА КОХ РЫХТУЕЦЦА АДПРАВІЦЦА НА МКС 14 САКАВІКА
ФОТА: NASA

Кар'ера 40-гадовай Крысціны Кох больш звязаная з навукай. Фізік і інжынер-электрык паводле адукацыі, у NASA яна трапіла як супрацоўніца лабараторыі астрафізікі высокіх энэргій, дзе займалася распрацоўкай прыбораў для розных касмічных місій і паралельна вяла лабараторныя заняткі па фізіцы ў Каледжы Мантгомеры.

Тры гады, з 2004 да 2007, Кох займалася ў NASA праграмай вывучэння Антарктыкі і нават правяла зіму на Паўднёвым полюсе. Пасля гэтага працавала ў лабараторыі прыкладной фізікі ў Універсітэце Джонса Хопкінса.

Распрацаваныя ёю інструменты працуюць, між іншым, на міжпланетнай станцыі «Юнона», якая верціцца вакол Юпітэра, і спадарожніках Van Allen Probes, якія вывучаюць радыяцыйныя паясы Зямлі.

Жанчыны ў космасе

Першай у гісторыі жанчынай у космасе стала Валянціна Церашкова, якая пабывала на арбіце ў 1963 годзе.

Аднак пасля гэтага, з яе ўласных слоў, у кіраўніцтве СССР палічылі, што працягваць адпраўляць жанчын у космас занадта небяспечна, і наступная - Святлана Савіцкая - паляцела ў космас толькі праз 19 гадоў, у 1982-м.

З тых часоў за ўсю гісторыю савецкай і расейскай касманаўтыкі на арбіце пабывалі толькі дзве жанчыны: Алена Кандакова (у 1994-95 і 1997 гг.) і Алена Сярова (2014-2015). Абедзве пасля свайго палёту сталі дэпутатамі Дзяржаўнай думы.

Першай амерыканкай у космасе стала ў 1983 годзе Салі Райд. З тых часоў NASA запусціла на арбіту ўжо 48 жанчын-астранаўтаў. Крысціна Кох стане 49-й.

На чарзе яшчэ дзве «аднакурсніцы» Кох і Маклейн з набору NASA 2013 года: Джэсіка Мейр і Ніколь Ман.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках