19 красавiка 2024, Пятніца, 23:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Севярынец: Правіцеля трэба гнаць у шыю пасля вандалізму ў Курапатах

10
Таццяна Севярынец: Правіцеля трэба гнаць у шыю пасля вандалізму ў Курапатах
ТАЦЦЯНА СЕВЯРЫНЕЦ

Знішчэнне крыжоў ва ўрочышчы - па-за мараллю.

4 красавіка ўлады знішчылі блізу 100 крыжоў, якія былі ўсталяваныя па перыметры народнага мемарыялу ў Курапатах, а ўчора, 13 красавіка, яшчэ 50.

У грамадстве гэта выклікала шок, неразуменне і выбух абурэння. Дзеянні ўладаў для віцебскай «Вясны» ацаніла каардынатарка аргкамітэта стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» з Віцебска Таццяна Севярынец:

«Курапаты - мазоль, які перашкаджае гэтай гнюснай уладзе гандляваць незалежнасцю краіны. Ён увесь час стогне і баліць, нагадваючы пра страшную, але праўдзівую гісторыю жыцця беларусаў пад расейскай акупацыяй.

Знішчэнне крыжоў - па-за мараллю. Гэта дзяржаўны вандалізм. І пасля такога варта было б пераходзіць да агульнанацыянальнай акцыі непадпарадкавання.

Бо ўлада, якая абавязана служыць народу, топча святое і скача на магілах. Што пасля гэтага народ павінен зрабіць з такім кіраўніком? Так, гнаць у шыю, бо толькі народ Беларусі можа быць сапраўдным гаспадаром на беларускай зямлі», - кажа Таццяна Севярынец.

Нагадаем, партыя «Народная Грамада», якая ўваходзіць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс, заклікала да новага малебну «Вызвалі нас ад лукавага» 15 красавіка а 18.00 каля адміністрацыі Лукашэнкі (Менск, вуліца Карла Маркса, 38).

4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў.

Актывісты паведамляюць, што было знесена і вывезена блізу 100 крыжоў.

1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.

На заклік аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча ў цэнтры Менску адбыўся малебен, у якім узялі ўдзел блізу 1000 чалавек.

Заклік падтрымаў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

12 красавіка ўлады зноў знішчылі 50 крыжоў па перыметры Курапатаў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках