26 красавiка 2024, Пятніца, 21:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дружба дружбай, а грошы паасобку

29
Дружба дружбай, а грошы паасобку
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.RU

За брудную нафту Беларусь атрымае 0 рублёў?

Канфлікт сямігадовай даўніны Масквы і Менска, які тычыцца незаконнай схемы паставак «распушчальнікаў», нечакана ўсплыў пасля заяваў беларускага боку аб кампенсацыі шкоды за брудную нафту. Нагадаем, з ацэнкі расейскага Мінфіна, бюджэт РФ праз «распушчальнікі» ў 2012 годзе недаатрымаў $1,5-2 мільярда. Лукашэнка ж за брудную нафту выставіў Расеі свой рахунак на «сотні мільёнаў даляраў». Відавочна, расейскія «хуўруснікі» Лукашэнкі ўвесь гэты час трымалі туз у рукаве, каб выкінуць яго на стол у зручны момант. Ужо ў пятніцу Дзмітрый Мядзведзеў мае намер абмеркаваць з Сяргеем Румасам нафтавыя пытанні. Чым скончацца перамовы прэм'ераў РФ і Беларусі? Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да эканаміста Льва Марголіна.

- Масква збіраецца падняць спрэчку 2012 года аб беларускіх махінацыях з экспартам нафтапрадуктаў пад выглядам «распушчальнікаў», якія тады каштавалі расейскаму бюджэту $1,5-2 млрд. Чаму гэтая тэма ўсплыла праз сем гадоў?

- Не выключана, што ў сувязі з бруднай нафтай у «Дружбе». Бо беларускі ўрад патрабуе кампенсацыі, у тым ліку за сапсаванае абсталяванне. Вось Расея і ўзгадала пра тое, што калісьці «даравала» Менску прычыненыя ім страты.

- Гэта значыць Расея проста не хоча плаціць за брудную нафту?

- Гэта адзін з варыянтаў.

- Ці ёсць у такіх эканамічных спрэчках тэрмін даўніны? Ці нармальна, што пытанне паднялі праз сем гадоў?

- Тэрміну даўніны няма, але я сумняваюся, што ў расейска-беларускіх дамовах нешта сказана пра брудную нафту і кампенсацыі. Тут, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра джэнтльменскія дамоўленасці.

Беларускі ўрад кажа: Вы нам прычынілі шкоду, давайце, кампенсуйце. Расейскі ж парыруе: як вы памятаеце, сем гадоў таму вы нам прычынілі шкоду, давайце абнулім гэта ўсё.

Падкрэслю, я не думаю, што гэта нейкія дамоўленасці, а проста джэнтльменскія пагадненні.

- Акурат у пятніцу адбудуцца перамовы наконт гэтай тэмы на ўзроўні прэм'ераў Расеі і Беларусі. Які ваш прагноз, чым яны скончацца?

- Калі мае здагадкі верныя, то, хутчэй за ўсё, абнуліцца і тое, і іншае. Гэта значыць беларускі бок ціхенька адмовіцца ад сваіх прэтэнзій, а Расея - ад сваіх. Калі ж прычына нейкая іншая, то, думаю, мы праз пару дзён яе намацаем больш грунтоўна. Пакуль проста недастаткова інфармацыі.

- Але калі Менск усё ж запатрабуе кампенсацыю за брудную нафту, але будзе вымушаны заплаціць за распушчальнікі, то Лукашэнка апынецца тады ў вельмі вялікім мінусе?

- Так, атрымліваецца мы ім вінны два мільярды, а яны нам 200 мільёнаў. Беларускай старане могуць сказаць, маўляў, мы ж з вас два мільярды не патрабуем, дык што вы з нас тут дробязь нейкую патрабуеце.

- На ваш погляд, яны пойдуць на міравую і абнуляць завінавачанасці?

- Думаю так. Але, паўтаруся, пакуль з адрывістай інфармацыі высновы зрабіць складана. Трэба пачакаць дадатковых звестак.

- Чаму, улічваючы тое, што Беларусь, фактычна, адзін з нямногіх сатэлітаў РФ у рэгіёне, Крэмль пайшоў на гэты крок - нагадаў справу сямігадовай даўніны?

- Калі мае здагадкі верныя, то Расею ўжо проста данялі. Так, Беларусь для іх практычна адзіны «хаўруснік», але ж і для афіцыйнага Менска РФ - адзіная «хаўрусніца».

Тут, як гаворыцца, сяброўства сяброўствам, а грошы паасобку. Тое, што яны «хаўруснікі», не перашкаджае Расеі ўвесь час накладваць абмежаванні на пастаўку прадукцыі з Беларусі. Яны проста ведаюць, што Лукашэнка нікуды не дзенецца.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках