Экспэрт: Беларусь ужо страціла радыёэлектроніку і легпрам, на чарзе - сельская гаспадарка
15- 16.06.2019, 13:33
- 24,084
Аграрыі падвялі вынікі кіравання Лукашэнкі.
Чаму, нягледзячы на льготы і прэферэнцыі для сельскай гаспадаркі, беларускія прадукты ўсё больш саступаюць імпартным у якасці, у кошце, піша «Завтра твоей страны».
- Ва ўсім свеце сельскагаспадарчы рынак вельмі дынамічна развіваецца. У еўрапейскіх краінах сектар АПК паскараецца і абганяе паводле прыбаўкі да ВУП гандаль, прамысловасць і іншыя сектары эканомікі. Але ў Беларусі, за рэдкім выключэннем, сельгаспрадпрыемствы знаходзяцца ў вельмі бядотным становішчы, - заявіў падчас круглага стала на тэму: «Тэхналагічны прарыў сучаснага АПК» старшыня камітэта ў развіцці прадпрымальніцтва ў аграпрамысловым комплексе Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Антон Касынкін.
Паводле ягоных слоў, сёння блізу 25% беларускіх прадпрыемстваў АПК з'яўляюцца стратнымі, а без дзяржпадтрымкі такіх амаль 65%. Сельгаспрадпрыемствы, якія выжылі, таксама не могуць пахваліцца высокімі прыбыткамі.
Кадравая праблема
На думку экспэртаў, галоўная прычына такой сітуацыі - востры дэфіцыт спецыялістаў.
- У беларускіх сельгаспрадпрыемстваў ёсць тэхніка, даступныя найноўшыя распрацоўкі, інавацыйныя праграмы кіравання жывёлагадоўляй і раслінаводствам, але гэта ўсё не выкарыстоўваецца, - кажа Антон Касынкін.
З ім згодны і дырэктар ТАА ВА «Аграпраммаш» Зміцер Кужалевіч.
- Калгасы маюць вельмі шырокія магчымасці ў выкарыстанні лізінгу, растэрміноўкі і іншых інструментаў на вельмі добрых ільготных умовах. Набыць самую сучасную тэхніку за некалькі дзясяткаў тысяч даляраў для іх не з'яўляецца праблемай. Аднак кожны раз, калі мы прапануем найноўшыя распрацоўкі - нам кажуць «прадайце нам яшчэ і чалавека, які ўмее з імі працаваць», - кажа экспэрт.
Сярэдні ўзрост работнікаў беларускіх сельгаспрадпрыемстваў перавышае 55 гадоў і з кожным годам расце. Ім псіхалагічна вельмі складана асвоіць нават простыя кампутарныя праграмы, не кажучы ўжо аб хмарных тэхналогіях і іншых інавацыйных распрацоўках. Моладзь жа ў калгасы ісці не хоча і з'язджае адтуль адразу пасля заканчэння размеркавання.
- Змяніць гэтую сітуацыю магло б падвышэнне заробкаў, але ў большасці сельгаспрадпрыемстваў няма на гэта грошай. У выніку новыя тэхналогіі ў нас застаюцца незапатрабаванымі і стратныя прадпрыемствы ўсё больш адстаюць ад канкурэнтаў, - кажа Антон Касынкін.
Малочная краіна
Яшчэ адной праблемай з'яўляецца тое, што кожнае беларускае прадпрыемства імкнецца займацца адначасова усімі тыпамі сельскагаспадарчай дзейнасці.
- Калгасы сёння вырошчваюць практычна ўсё: і бульбу, і буракі, і пшаніцу. Аднак, як паказвае практыка, калі гаспадарка спецыялізуецца на ўсім – яна не спецыялізуецца ні на чым. Як вынік тэхніка прастойвае, частка ўраджаю гіне, а частку не ўдаецца прадаць, - тлумачыць Зміцер Кужалевіч.
Ён раіць сельгаспрадпрыемствам звужаць спецыялізацыю і ўзбуйняецца.
- Гэта сусветны трэнд - фермерскія гаспадаркі сёння спецыялізуюцца на апрацоўцы адной культуры (салаты, баклажаны, садавіна), а фундаментальныя прадукты для ўсяго АПК (збожжа, корму) вырабляюць аб'яднаныя буйныя прадпрыемствы. Так павінна быць і ў нас, - мяркуе Антон Касынкін.
Пры гэтым і ў маштабах краіны ёсць сэнс засяродзіцца на вытворчасці той прадукцыі, дзе Беларусь мае канкурэнтную перавагу.
- Мы не бульбяная краіна, не цукровыя і не мясная, а - малочная. У малацэ ў нас перавага перад іншымі краінамі, таму трэба асноўныя сілы і тэхналогіі кінуць туды, - мяркуе дырэктар ТАА «Полымя Агра» Сяргей Максімук.
Пры гэтым у прыярытэце, з ягоных слоў, павінна стаць вытворчасць прадукцыі з доўгім тэрмінам захоўвання. У першую чаргу, сыру.
Калі ж Беларусь і надалей будзе ігнараваць сусветныя трэнды, то для айчыннай сельскай гаспадаркі гэта можа скончыцца вельмі кепска.
- Адставанне ад замежных прадуктаў і ў якасці, і ў колькасці, і ў кошце будзе толькі павялічвацца. Так Беларусь ужо страціла радыёэлектроніку і легпрам, на чарзе - сельская гаспадарка, - мяркуе Антон Касынкін.
Выхадам з сітуацыі магло б стаць стварэнне кіроўнай кампаніі, якая кіравала б усімі стратнымі сельгаспрадпрыемствамі Беларусі.
- Такая кампанія магла б дазволіць сабе мець высокааплатныя, высакакласныя кадры, якія ўкаранялі б тэхналогіі і інавацыі, а таксама займаліся стратэгічным планаваннем развіцця гэтых прадпрыемстваў. Усё гэта можна рабіць на ўмовах аўтсорсінгу з Менска, не прымушаючы маладых спецыялістаў з'язджаць жыць у глухія вёскі, - рэзюмуе Антон Касынкін.