18 красавiка 2024, Чацвер, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як актывістка з Гомеля прымусіла чыноўнікаў мераць вуліцу рулеткай

5
Як актывістка з Гомеля прымусіла чыноўнікаў мераць вуліцу рулеткай
МАРЫЯ ТАРАСЕНКА

Улады настолькі баяцца акцый «дармаедаў», што гатовыя выстаўляць сябе на посмех?

21 чэрвеня суд Брагінскага раёна адхіліў скаргу гомельскай актывісткі Марыі Тарасенкі пра забарону ў раённым цэнтры вулічнага шэсця супраць сумнавядомага дэкрэта №3 пра «дармаедаў». Чыноўнікі мясцовага райвыканкама ў суд з'явіліся з рулеткай і пачалі «дзейства» ў вымярэнні адлегласці ад будынка суда да пешаходнай часткі вуліцы, паведамляе «Гомельская Вясна».

Рэч у тым, што пратэставую акцыю ў выглядзе вулічнага шэсця з удзелам да 10 чалавек Марыя Тарасенка заявіла на цэнтральнай вуліцы райцэнтра, а тут якраз знаходзіцца будынак суда і пракуратуры.

Старшыня суда Аляксей Яшчанка ініцыятыву вымярэння шырыні вуліцы падтрымаў, але вымяраць чамусьці пачаў сваёй рулеткай. Яму ў гэтым дапамагала сакратарка суда Наталля Гардзейчык, каштоўныя ўказанні служкам Феміды давалі ідэолаг райвыканкама Сяргей Даўгулявец і юрыстка мясцовай вертыкалі Таццяна Краўчанка.

Паколькі шырыня вуліцы апынулася не на карысць гамяльчанкі, чыноўнікі тут жа яе абвінавацілі, што, «выбіраючы вуліцу Савецкую, яна не ўзяла пад увагу размяшчэнне тут вельмі важных установаў, адлегласць да якіх ад процілеглага боку дарогі апынулася меншай за 50 м., што мы ёй і прадэманстравалі».

«А так Брагінскі райвыканкам толькі рады і зусім не супраць вулічнага шэсця з нагоды дэкрэта №3. Але абраная заяўніцай вуліца Савецкая не падыходзіць для падобных шэсцяў. Вось калі б яна выбрала іншую вуліцу, тады ўсё адбылося б у найлепшым выглядзе», – даводзілі суду мясцовыя вертыкальнікі.

Каментуючы для сайта «Гомельская Вясна» судовую пастанову, Марыя Тарасенка заявіла з іроніяй, што «ў Брагіне, у адрозненне ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, чыноўнікі вельмі добрыя і душэўныя, таму іх любяць нават буслы, якія пасяліліся на даху суда».

Нагадаем, вядомая сваёй барацьбой з дэкрэтам №3 гамяльчанка Марыя Тарасенка заявіла пратэставыя акцыі ва ўсіх 24 раёнах гомельскага рэгіёну і ўсюды атрымала забарону. На тыдні акрамя Брагіна суды адбыліся ў Рагачове, Кастрычніцкім і Мазыры.

Служкі Феміды ўсюды становяцца на бок чыноўнікаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках