24 красавiка 2024, Серада, 0:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дастаткова не плаціць за камуналку: За што не выпускаюць за мяжу ў Беларусі

6
Дастаткова не плаціць за камуналку: За што не выпускаюць за мяжу ў Беларусі
ФОТА: PODROBNOSTI.UA

Агульнарэспубліканская база звестак абнаўляецца штодня.

На асноўныя пытанні, якія тычацца забароны на выезд з краіны, Intex-press адказаў Дзмітрый Іваноўскі, юрыст Менскай калегіі адвакатаў.

Пытанні абмежавання выезду і ўезду з / у РБ рэгулююцца цэлым шэрагам заканадаўчых актаў. Але асноўны нарматыўны акт – Закон Рэспублікі Беларусь ад 20 верасня 2009 г. «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

У якіх выпадках могуць абмежаваць выезд з краіны?

Згодна з дакументам, часова абмежаваць выезд з краіны могуць калі:

Вы – захавальнік дзяржаўных таямніцаў

Калі дзяржава даверыла чалавеку свае таямніцы, пра выезд за межы краіны можна забыцца. У гэтым выпадку абмежаванні будуць дзейнічаць з моманту падпісання дамовы пра допуск да дзяржтаямніцаў і да заканчэння тэрміну ягонага дзеяння.

Вы – падазраваны ці абвінавачаны паводле крымінальнай справы

Калі чалавек праходзіць у якасці абвінавачанага паводле крымінальнай справы, выезд за мяжу яму таксама можа быць забаронены. Прычым выехаць не атрымаецца ажно да спынення крымінальнага пераследу.

Вас асудзілі за ўчыненне злачынства

Калі суд прызнаў вас вінаватым у здзяйсненні злачынства, вам таксама могуць абмежаваць выезд з краіны (выключэнне – асуджаныя без прызначэння пакарання або прысуджаныя да пакарання ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю).

У гэтым выпадку забарона на выезд накладаецца на тэрмін, вызначаны органам або установай, якiя выконваюць пакаранне (іншыя захады крымінальнай адказнасці), не больш чым да моманту адбыцця пакарання або вызвалення ад пакарання, або да заканчэння тэрміну адтэрміноўкі выканання пакарання ці выпрабавальнага тэрміну.

За вамі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд

Для такіх грамадзянаў абмежаванні на выезд будуць дзейнічаць да спынення прэвентыўнага нагляду.

Вы – на прафілактычным уліку ў органах дзяржбяспекі

Абмежаванні дзейнічаюць да моманту зняцця з гэтага ўліку.

Вы – завінаваціліся

Закон суровы і ў дачыненні да тых, хто "без уважлівых прычынаў не выконвае маёмасныя, падатковыя ці іншыя абавязальніцтвы перад РБ, яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, вызначаныя судовымі пастановамі або выканаўчымі дакументамі, якія пачалі законнае дзеянне".

Гэта значыць, калі вы не плаціце аліменты, падаткі, крэдыты, штрафы, камунальныя плацяжы, за гэта на вас падалі ў суд, судовы выканаўца пастанавіў абраць менавіта такі захад (часовае абмежаванне на выезд) забеспячэння выканання пастановы, а суд яе задаволіў – ласкава просім у базу. Прычым памер вашай пазыкі або штрафу не мае значэння. Тэарэтычна вы можаце апынуцца невыязным, нават калі пратэрмінавалі аплату камуналкі.

У падобных выпадках абмежаванні будуць дзейнічаць у перыяд, вызначаны судом, але не большы, чым да выканання вамі абавязальніцтваў.

Вам прад'явілі грамадзянскі пазоў у судзе

На які тэрмін абмежаваць выезд з краіны ў гэтым выпадку, пастанаўляе суд. Аднак доўжыцца абмежаванні будуць не больш, чым да заканчэння вытворчасці ў справе.

Вы – завінаваціліся ў справе пра эканамічную неплацежаздольнасць, а прасцей – банкрут

Калі фінансавыя праблемы дасягнулі апагею і на чалавека «завялі справу» пра банкруцтва, перасячы мяжу яму не дазволяць. Абмежаванні будуць дзейнічаць з моманту адкрыцця вытворчасці ў справе і да заканчэння вытворчасці.

Вы – ухіліст

Калі малады чалавек ухіляецца ад «яўкі на мерапрыемствы набору на ваенную службу або службу ў рэзерве», у выездзе з краіны яму адмовяць. І пакінуць Беларусь ён зможа толькі ў тым выпадку, калі з’явіцца на гэтыя «мерапрыемствы».

Калі я пратэрмінаваў плацёж ці не заплаціў штраф, адразу стану невыязным?

Не. Для абмежавання выезду за мяжу павінна быць падстава: да прыкладу, выканаўчы надпіс натарыуса або судовая пастанова. Дапусцім, вы не плаціце камунальныя плацяжы, ЖРЭУ звяртаецца ў суд, а суд прымае пастанову пра спагнанне з вас грашовых сродкаў. Калі пастанова пачынае законнае дзеянне, распачынаецца выканаўчая вытворчасць, у рамках якой судовы выканаўца пачынае прымусовае спагнанне. Менавіта судовы выканаўца пастанаўляе, які захад для забеспячэння выканання выканаўчага дакумента да вас ужыць. Гэтыя захады могуць быць рознымі: утрыманне з заробку (калі вы працуеце), арышт маёмасці, забарона на кіраванне аўтамабілем, забарона на выезд за мяжу.

Калі пастанова прынятая, судовы выканаўца абавязаны выслаць яе не пазней за наступны дзень.

Звярніце ўвагу: як правіла, такую пастанову высылаюць поштай на месца рэгістрацыі. Таму, калі вы не жывяце на месцы рэгістрацыі, пра забарону на выезд, як і пра іншыя захады, можаце не даведацца.

Калі я выплаціў пазыкі, мяне выкрасляць са спісу невыязных?

Так. Але толькі калі вы апавесціце судовага выканаўцу пра тое, што заплацілі пазыку. Гэта значыць, да прыкладу, проста аплаціць штраф праз АРІП на мяжы і атрымаць права на выезд, не атрымаецца: уся працэдура павінна быць здзейсненая праз судовага выканаўцу. Выехаць, не папярэдзіўшы яго, немагчыма: менавіта ён здымае накладзеныя абмежаванні.

Як даведацца, ці ёсць я ў базе невыязных?

Інфармацыю пра забарону на выезд з краіны можна атрымаць двума спосабамі.

Першы – пры асабістым звароце ў аддзел грамадзянства і міграцыі. Для гэтага трэба прыйсці ў тэрытарыяльнае аддзяленне з пашпартам і напісаць адпаведную заяву. Пасля гэтаму чалавеку выдадуць даведку пра тое, ці ёсць ягоныя персанальныя звесткі ў банку звестак, і калі ёсць, то якім органам было накладзенае абмежаванне на выезд.

Другі варыянт – праверка свайго выязнога статусу праз сайт МУС. Для гэтага неабходна зарэгістравацца на сайце – увесці пашпартныя звесткі: асабісты нумар, мабільны тэлефон, адрас электроннай пошты. Пасля рэгістрацыі вы трапляеце ў асабісты кабінет, дзе трэба выбраць радок «Праверка абмежавання выезду з Рэспублікі Беларусь». Адказ на сайце прыходзіць практычна імгненна.

Як часта абнаўляецца база «невыязных»?

Агульнарэспубліканская база звестак абнаўляецца штодня.

Ці можна скасаваць абмежаванне на выезд?

Можна. У выпадку, калі чалавеку, права на выезд якога часова абмежаванае, патрабуецца тэрміновае лекаванне, ягоны сваяк, які пражывае за межамі РБ, цяжка хворы або памёр, альбо «невыязны» павінен удзельнічаць у крымінальным працэсе за межамі РБ, абмежаванні могуць быць знятыя на пэўны тэрмін.

Пастанову пра дазвол выезду з краіны прымаюць тыя ж дзяржорганы суда, якія прымалі пастанову пра ўвядзенне абмежаванняў.

Ці павінны мяне апавяшчаць пра накладанне / зняцце абмежаванняў на выезд?

Так. Усе падставы для абмежавання права на выезд такія, што чалавек не можа не ведаць пра прынятую пастанову. Ён у абавязковым парадку павiнен быць апавешчаны пісьмова (не пазней за адзін дзень з даты прыняцця пастановы пра пастаноўку на ўлік) альбо ў вуснай форме. Аднак у некаторых сітуацыях вы можаце не атрымаць апавяшчэнне (выбыў з месца жыхарства, трапіў у лякарню і г.д), таму самы надзейны спосаб – праверыць, ці няма вас у базе звестак перад выездам.

Што тычыцца зняцця абмежаванняў, схема такая самая. Не пазней за адзін дзень пасля прыняцця пастановы пра зняцце часовага абмежавання на выезд, вам павінны адправіць паведамленне.

Што рабіць, калі пра забарону на выезд я даведаўся толькі на мяжы?

Калі вы проста на мяжы даведаліся пра тое, што выезд абмежаваны, пішыце скаргу ў Кнізе заўваг і прапановаў на прапускным пункце. Таксама можна накіраваць скаргу службовым асобам памежкамітэта. Шукаць праўду ў саміх памежнікаў няма сэнсу: на месцы сітуацыю тлумачыць не будуць.

Па тлумачэнні трэба звяртацца ў аддзел грамадзянства і міграцыі. Менавіта там змогуць даць адказ, чаму выезд забаронены і якая інстанцыя гэты захад ініцыявала.

Згодна з беларускім заканадаўствам, тыя, чыё права на выезд часова абмежавалі, маюць права звяртацца ў суд і абскардзіць пастанову.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках