Прэзідэнт і прэм'ер Літвы, а таксама дэпутаты Сейма спускаліся ў сховішча з-за дрона з боку Беларусі
- 20.05.2026, 11:44
Для Вільнюса абвясцілі чырвоны ўзровень папярэджання.
Вышэйшыя службовыя асобы Літвы атрымалі ўказанне спусціцца ў сховішча грамадзянскай абароны з-за паветранай трывогі для Вільнюса — у сувязі з рызыкай прысутнасці ўдарных беспілотнікаў у паветранай прасторы краіны.
Пра гэта паведамляе LRT.
Саветнік прэзідэнта Гітанаса Наўседы Фрэдэрыкас Янсонас пацвердзіў, што прэзідэнта і супрацоўнікаў яго офіса накіравалі ў сховішча.
Аналагічнае распараджэнне прагучала ў Сейме Літвы. З гучнамоўцаў абвясцілі, што з-за паветранай пагрозы ўсіх прысутных у будынку просяць спусціцца ў сховішча.
Прадстаўнік прэм'ера паведаміў, што Інга Ругінене таксама пайшла ў сховішча.
Незадоўга перад гэтым Міністэрства абароны Літвы абвясціла пра пагрозу з паветра над часткай тэрыторыі краіны — з-за фіксацыі дрона каля паветранай прасторы Літвы з боку Беларусі. Паведамілі пра пачатак аперацыі НАТА па патруляванні паветранай прасторы над Балтыйскім рэгіёнам.
Для сталіцы Літвы Вільнюса абвясцілі чырвоны ўзровень папярэджання і параілі грамадзянам да адбою спусціцца ў сховішча.
З афіцыйных паведамленняў незразумела, ці перасёк згаданы апарат мяжу краіны і дзе ён знаходзіцца.
У паліцыі адзначылі, што гаворка ідзе пра інцыдэнт, падобны да тых, што днямі назіраліся ў Латвіі і Эстоніі, і папярэджанне грамадзян у такой сітуацыі з'яўляецца стандартнай працэдурай бяспекі.
Незадоўга да публікацыі гэтай навіны, прыблізна а 10:50, абвясцілі адбой паветранай трывогі.