22 жнiўня 2019, Чацвер, 22:00
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Тры ночы запар у Беларусі абнаўляліся абсалютныя мінімумы тэмператур

2
Тры ночы запар у Беларусі абнаўляліся абсалютныя мінімумы тэмператур

Новыя рэкорды холаду фіксуюцца ў Беларусі.

У ноч 15 ліпеня абнавіліся абсалютныя мінімумы тэмператур на чатырох метэастанцыях ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз тэмпературнай карты і архіва Белгідрамета на пагодны рэсурсе meteoinfo.by, піша tut.by.

У Докшыцах паветра астыла да 6,4 градуса (папярэдні рэкорд быў адзначаны 15 ліпеня 1978 году - 8,2 градуса), у Бярэзінскім запаведніку - да 6,5 (7,2 у 1978-м), у Клічаве - да 6,9 (7,9 у 1990-м), у Езярышчы - да 7,5 (9,1 у 1990-м).

Уночы 14 ліпеня зарэгістраваныя новыя рэкорды на пяці метэастанцыях у Віцебскай, Менскай і Магілёўскай абласцях. Да 6,4 градуса вышэй за нуль пахаладала ў Воршы (было 7,5 у 2004 годзе) і Горках (6,5 у 1990-м), да 6,7 - у Касцюковічах (7,7 у 1986-м), да 7,6 - у Мсціславе (10,2 у 2015-м), да 7,8 - на Нарачы (8,9 у 2004-м). У Лынтупах паўтораны рэкорд 1990 года - 7,5 градуса.

13 ліпеня, як раней паведамляў БелаПАН, быў пабіты рэкорд ночы 80-гадовай даўніны для ўсёй тэрыторыі краіны: у Езярышчы тэмпература апусцілася да 2,9 градуса.

Белгідрамет назваў сярэдзіну цяперашняга лета самай халоднай за апошнія 20 гадоў.

Між тым у першы летні месяц 18 дзён (4-17, 20, 21, 26 і 30 чэрвеня), а таксама 1 ліпеня фіксаваліся новыя абсалютныя максімумы тэмператур. Упершыню пасля жніўня 2015 года тэмпература перавысіла 36 градусаў цяпла (36,4 у Брагіне 1 ліпеня).

Паводле прагнозу сіноптыкаў, найбліжэйшыя дні халаднаватае надвор'е захаваецца.