«Уклалі больш»: фермеры распавялі, ці ўдалося зарабіць на клубніцы
3- 5.07.2019, 20:31
- 13,031
Якім быў «ягадны сезон» у 2019 годзе?
Яшчэ пару тыдняў таму беларускія фермеры скардзіліся, што ў іх скупляюць трускаўку ледзь не па 20 капеек, а на рынку ягады прадавалі па рублю. Нават прэзідэнт даручыў разабрацца з цэнамі на гэты тавар. Цяпер самыя танныя клубніцы каштуюць 5 рублёў за кіло. Ды і прадаюць ягады ўсяго ў некалькіх месцах. Tut.by спытаў у фермераў, ці ўдалося ім усё ж такі зарабіць сёлета на клубніцы і ці будуць таннымі сёння іншыя ягады.
Фермеры, якія вырошчваюць клубніцы, кажуць, што ў гэтым годзе «надвор'е падкінула ім праблем».
- Мы звычайна саджаем тры гатункі трускаўкі - ранняспелыя, сярэдняспелыя і познаспелыя. Звычайна яны спеюць з розніцай у некалькі тыдняў. Атрымліваецца што мы з пачатку чэрвеня да канца першай дэкады ліпеня можам прадаваць ягады, - распавядае фермер, які прадае ягады на Камароўцы. - У гэтым жа годзе клубніцы саспела ўся адразу. 20 чэрвеня мы ўжо сабралі ягады ўсіх гатункаў.
Мужчына кажа, што ягад было вельмі шмат, але дрэннай якасці.
- Праз спякоту і дажджы клубніца не ляжала, яе немагчыма было транспартаваць, - працягвае фермер. - Я ягады не здаваў, сам прадаваў на рынку. Быў момант, што і па 1,5 рубля прыходзілася прадаваць. Мінулы год у гэтым плане быў значна лепшым. У гэтым зарабілі мала.
Акрамя трускаўкі мужчына вырошчвае яшчэ і буякі. Кажа, што сезон гэтых ягад толькі пачынаецца. Дарэчы, цэны на дурніцу ўжо пачалі падаць. Калі ў сярэдзіне чэрвеня кілаграм каштаваў 25-30 рублёў, то на гэтым тыдні ўжо 16 рублёў. У некаторых месцах можна знайсці і па 14.
- Колькі будзе ягад і якія будуць цэны на іх - гэта залежыць ад надвор'я. Калі атрымаецца як з трускаўкай, то і на ёй фермеры асабліва не запрацуюць, а сезон продажу хутка скончыцца, - сказаў на заканчэнне фермер.
Яшчэ адзін прадавец трускаўкі, які сам ягады і вырошчвае, сказаў, што яму таксама зусім мала ўдалося зарабіць. Але яго радуе, што «людзі змаглі купіць танныя ягады».
- Адразу я здаваў ягады, але калі за кілаграм сталі прапаноўваць ўсяго 50 капеек, вырашыў, што сам прадам. У Менску на рынку тады кіло за 2 - 2,5 рубля прадавалі. Сёлета ягады вельмі дрэнныя атрымаліся, яны зусім не ляжалі, пакуль прывязеш на рынак, ужо пацяклі. Часам да канца дня і па рублю аддаваць даводзілася, - кажа мужчына. - Вельмі шмат ягад проста прапала. Не лічыў яшчэ, ці быў прыбытак нейкі ад продажу, думаю, уклалі больш. Адно мяне радуе, што людзі змаглі купіць таннай трускаўкі.
З тым, што клубнічны сезон 2019 годзе быў не самым удалым, пагадзілася і яшчэ адна прадавачка трускаўкі.
- Цяпер у мяне ўжо не сезонная, а рэмантантная, - распавядае дзяўчына. - У нас сезонная скончылася яшчэ 2 тыдні таму. Зарабілі сёлета мала, можна сказаць, што проста акупілі выдаткі. Адна надзея на рэмантантную. Хоць і яна, бачыце, не вельмі сімпатычная. Яе прадаём ад 5 да 8,5 рубля за кілаграм. Думаю, у гэтым дыяпазоне цэны будуць і далей.
Са слоў прадаўца, «людзі ўсё яшчэ цікавяцца трускаўкай, некаторыя нават трохлітровымі вядзерцамі купляюць».
Мінімальная цана на клубніцы, якую мы сёлета зафіксавалі на рынках, 80 капеек за кілаграм.
Дарэчы, фермеры адзначаюць, што ў гэтым сезоне нямала маліны, таму на яе, імаверна, кошты ўпадуць. Цяпер кілаграм каштуе 5-6 рублёў.
Цяпер на Камароўцы на ўсю моц гандлююць чырвонай, белай і чорнай парэчкай па 3-4 рублі за кілаграм. Дзе-нідзе ёсць агрэст па 6 рублёў. Чарніц, са слоў гандляроў, сёлета мала. Прадаюць яе па 5-6 рублёў за кіло. А вось вішань даволі шмат, хоць яны дробныя і кіслыя. Як кажуць самі прадаўцы, «падыдзе толькі на кампот».
На кампот і варэнне людзі цяпер актыўна бяруць абрыкосы. Дробныя ярка-аранжавыя каштуюць па 3 рублі. Буйныя светла-жоўтыя ўдвая даражэй, па 6 рублёў. Такім жа коштам прадаюць чарэшню.
Зазірнулі мы і на шэрагі з гароднінай. Маладую бульбу ўжо прадаюць па 1 - 1,5 рубля. Агуркі каштуюць па 1,1 - 1,5 рубля, перцы ўпалі ў цане, кіло можна купіць за 3-3,5 рубля. А вось памідоры падаражэлі - па цане ніжэй 3 рублёў мы не знайшлі. А яшчэ пару тыдняў таму былі і па 2 рублі.
Радыску прадаюць па 2,5 рубля, спаржавай фасолі - па 8 рублёў, звычайную белакачанную капусту - па 1,39 рубля, а капусту «Раманеска» - па 3,5 рубля. Пучок зялёнай цыбулі можна купіць па 0,8-1 рубель, мяты і базіліка - па 2,5 рубля, а руколы - за 1,99.