26 красавiка 2024, Пятніца, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія фермеры: Нехта наўмысна ваду каламуціць

6
Беларускія фермеры: Нехта наўмысна ваду каламуціць
ФОТА: KP.BY

Чаму буякоў шмат, але кошты не падаюць?

Пакуль фермеры з Альшан ды іншых населеных пунктаў Столінскага раёна развязваюць праблемы са збытам таматаў, у Лунінцы абураюцца, што буякі даводзіцца здаваць за бесцань. За кілаграм ягад, са слоў мясцовых ягаднікаў, даюць ўсяго 5 рублёў. «У Драгічыне за маліны даюць 6,5 рубля. Маліны даражэйшыя за буякі - гэта нонсэнс», кажуць фермеры ў Лунінцы. Партал tut.by высветліў, ці сапраўды настолькі кепская сітуацыя з коштамі ягад і чаму яны даражэюць на рынку ў Менску.

На менскім Камароўскім рынку прылаўкі загачаныя ягадамі - клубніцамі, малінамі, але больш за ўсё буякамі. Іх прывезлі сюды з Гарадзенскай, Менскай і Берасцейскай абласцей. Ахвотных набыць ягады, з нашых назіранняў, нямала. Хтосьці бярэ па кілаграму ў пластыкавых кантэйнерах, хтосьці купляе больш на вагу. Каштуюць буякі ад 10 да 13 рублёў за кілаграм. У пары месцаў знайшлі па 9 рублёў. Маліны каштуюць 7-8 рублёў за кіло. У параўнанні з мінулым годам гэта дорага, бо тады можна было купіць кілаграм ягад па 4 рублі і нават па 3.

- Высокі кошт маліны вельмі проста тлумачыцца, - тлумачыць фермер з Гарадзенскай вобласці, які займаецца вырошчваннем ягад. - У мінулым годзе маліны было вельмі шмат. На рынку кілаграм прадавалі па 2,5-3 рублі. А на месцы скупшчыкам ягады аддавалі наогул па рублю. Многія не зарабілі, таму выкарчавалі ўсе маліны і пасадзілі буякі. Як вынік - буякоў шмат, а маліны стала менш, яна падаражэла.

Фермер тлумачыць такі кошт маліны яшчэ і тым, што, калі яна выспявала, былі дажджы - і ягад шмат сапсутых.

- Напраўду ўсё прадаецца, проста прадаваць трэба ўмець, - з усмешкай адказвае прадавец. - Калі казаць пра гандаль на рынку, то цяпер ён слабы, асабліва буднямі. У людзей усе грошы на адпачынкі ідуць і на падрыхтоўку дзяцей да школы. Да 15 верасня будзе яшчэ слабы гандаль.

Яшчэ адзін фермер з Берасцейскай вобласці, які вырошчвае клубніцы і буякі, кажа, што нічога страшнага з коштамі ягад у гэтым годзе не адбываецца. Усё заканамерна і лагічна.

- Магу сказаць пра клубніцы ў полі, якую сфатаграфавалі і ўсім паказвалі, маўляў, кошты закупкі нізкія, лепш выкінем. З гэтымі ягадамі ў гэтым годзе не попыт ключавую ролю адыграў. Проста якасць ягад было няважная. Праз надвор'е, напэўна. Я сам вырошчваю клубніцы. Гатункі ў мяне нядрэнныя - звычайна доўга ляжаць і добра транспартуюцца. Але гэтым разам палова ягад да Менска не даязджала, проста ператваралася ў кісель. Таму іх і не хацелі купляць, - тлумачыць прадавец. - Зразумелая справа, тое, што не ляжыць і дрэнна транспартуецца, нікому не трэба.

Са слоў мужчыны, усе, хто прагарэў на клубніцы, спадзяваліся зарабіць на буяках. Але іх у гэтым годзе таксама шмат, таму, каб прадаць, трэба пастарацца.

- Не магу сказаць, што кошт нізкі. Я першую партыю яшчэ ў канцы ліпеня сабраў і здаў па 8 рублёў за кілаграм. На рынку таксама кошт цяпер нармальны - 10-13 рублёў. Я па 11 прадаю, - кажа фермер. - Вяртаючыся да клубніцы. Мінулыя гады рэмантантных - тых, што даюць ураджай да прымаразкаў, было няшмат. Прадавалі па 8-10 рублёў. У гэтым годзе, гляджу, іх больш стала. Кош ніжэйшы, у сярэднім па 6 рублёў за кіло. Можа здарыцца як з буякамі: усе пасадзяць - кошт упадзе.

Цікава, што ў Лунінцы фермеры кажуць, што кошт буякоў нізкі, ягад шмат, а ў Менску на Камароўцы ён вырас, прычым значна. Яшчэ тыдзень таму кілаграм прадавалі па 7-8 рублёў. Ды і маліны ўсё ж танней, чым буякі. Хоць іх і няшмат.

- Нічога дзіўнага, - запярэчыла прадавец малін і буякоў. - Малін у гэтым годзе мала, а буякоў шмат. Але Масква скупляе і тое, і тое за шалёныя грошы. Кілаграм буякоў бяруць па 10,5 рубля. Таму ў нас кошты і не падаюць.

Прадавец з Менскай вобласці пацвердзіў, што праблем з продажам буякоў і з іх коштам няма.

- Такое адчуванне, што нехта наўмысна ваду каламуціць з гэтымі коштамі і скаргамі, што збыту няма. Няма цяпер з буякамі ніякіх праблем, - запэўніў мужчына. - Той, хто хоча прадаць, знойдзе збыт. Кошты зусім не катастрафічныя. Глядзіце самі, яшчэ два тыдні таму буякі па 7-8 рублёў прадавалі. Цяпер мінімальны кошт 10 рублёў за кілаграм. Значыць, нягледзячы на тое, што ягад шмат, попыт на іх ёсць. Падвышэнне коштаў пры падзенні попыту супярэчыць законам рынку.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках