Мінпрыроды: Акумулятарны завод у Берасці паспяхова прайшоў экалагічную экспертызу
16- 27.08.2019, 20:00
- 20,965
Жыхары Берасця і ваколіц ужо больш за год пратэстуюць супраць завода.
Акумулятарны завод «АйПаўэр», пабудаваны пад Берасцем, атрымаў станоўчую ацэнку ў выніку экалагічнай экспертызы.
Пра гэта interfax.by паведаміў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.
«Акумулятарны завод у Берасці прайшоў экалагічную экспэртызу і мае станоўчыя паказчыкі», - распавёў Корбут на прэс-канферэнцыі ў Менску ў аўторак.
Ён адзначыў, што выкіды свінцу ў выніку дзейнасці прадпрыемства не павінны складаць больш за 3,05 кг на працягу года. У выпадку парушэнняў завод будзе павінен прайсці грамадскае абмеркаванне і падаць заяўку на змяненне праектнай дакументацыі, дадаў ён.
Пасля таго, як у канцы чэрвеня Аляксандр Лукашэнка даручыў кампетэнтным органам разабрацца з сітуацыяй, якая склалася вакол запуску акумулятарнага завода, Генпракуратура пачала праверку будаўніцтва і ўвядзення яго ў эксплуатацыю. Адначасова КДБ ініцыяваў крымінальныя справы што да фактаў хабару ў дачыненні да сузаснавальніка завода Віктара Лемяшэўскага.
У сярэдзіне чэрвеня старшыня Берасцейскага аблвыканкама Анатоль Ліс падпісаў распараджэнне пра прыпыненне будаўніцтва завода.
Жыхары Берасця і ваколіц з пачатку 2018 года пратэстуюць супраць працы завода ў непасрэднай блізкасці ад горада. Яны ўважаюць, што ён выкідвае свінцу значна больш дапушчальнай нормы і пагражае здароўю мясцовага насельніцтва. Пратэстоўцы сабралі і накіравалі ў адміністрацыю Лукашэнкі 37 тысяч подпісаў з просьбай спыніць будаўніцтва.