5 траўня 2024, Нядзеля, 12:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна, ЗША і Польшча падпісалі пагадненне пра дыверсіфікацыю паставак газу

8
Украіна, ЗША і Польшча падпісалі пагадненне пра дыверсіфікацыю паставак газу
Фото: Oleksandr Danylyuk / Twitter

Цырымонія падпісання пагаднення адбылася ў Варшаве.

31 жніўня ў Варшаве адбылася цырымонія падпісання пагаднення пра супрацоўніцтва ў газавай сферы паміж Польшчай, Украінай і ЗША. Пра гэта паведаміў у Twitter сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Данілюк, які падпісаў дакумент.

«Сёння Украіна, Польшча і ЗША падпісалі мемарандум пра трохбаковае супрацоўніцтва ў сферы энэргетыкі. Адным з крокаў дыверсіфікацыі газавага рынку Украіны будзе наладжванне паставак звадкаванага газу праз Польшчу», - напісаў Данілюк.

Польскае выданне BiznesAlert публікуе тэкст дакумента са спасылкай на канцылярыю ўпаўнаважанага прадстаўніка ўрада Польшчы ў стратэгічнай энэргетычнай інфраструктуры.

Бакі прымаюць пад увагу «несправядлівую практыку некаторых краін, уключаючы Расейскую Федэрацыю, якія выкарыстоўваюць энэргію ў якасці сродку палітычнага і эканамічнага прымусу», гаворыцца ў мемарандуме.

Адзначаецца рост значэнне такіх праектаў, што рэалізуюцца ў Польшчы, як «Балтыйская труба» і пашырэнне LNG-тэрмінала ў Свінавуйсце, а таксама планаванага стварэння плывучай устаноўкі рэгазіфікацыі ў Гданьскім заліве, для дыверсіфікацыі паставак энэрганосьбітаў у Еўропу.

Польшча і Злучаныя Штаты абавязваюцца ўдзельнічаць у дзейнасці ўрада Украіны ў ажыццяўленні рэформаў ва ўкраінскім газавым сектары і вітаюць намер Кіева павысіць узровень гарманізацыі з унутраным рынкам прыроднага газу ў Еўрапейскім звязе, што, паводле задумы падпісантаў, павінна прывесці да стварэння рынку ліквіднага рэгіянальнага газу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Пры гэтым павінен выкарыстоўвацца патэнцыял украінскай інфраструктуры падземных сховішчаў «з мэтай павышэння бяспекі паставак прыроднага газу для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы».

Польшча і Украіна маюць намер інвеставаць у павелічэнне існуючых магутнасцяў і будаўніцтва новых злучальных звёнаў для трансгранічных паставак газу, у тым ліку праз паляпшэнне зваротнай прапускной здольнасці, сказана ў мемарандуме.

Пагадненне пра супрацоўніцтва ўваходзіць у дзеянне з моманту яго падпісання.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках