29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даследчыкі адкрылі новы кантынент пад Еўропай

2
Даследчыкі адкрылі новы кантынент пад Еўропай

Новы кантынент па памерах не саступае Грэнландыі.

Даследаванне, вынікі якога сведчаць пра наяўнасць у мантыі кантынента, знішчанага больш за 140 млн гадоў таму, апублікаванае ў часопісе Gondwana Research (пераклад - «Новое время»).

І гэта - зусім не міфічная Атлантыда, запэўніваюць аўтары працы.

Падчас даследавання яны рэканструявалі эвалюцыю геалогіі міжземнаморскага рэгіёну - ад сучаснай Гішпаніі да Ірана.

Новы кантынент атрымаў назву Вялікая Адрыя.

Навукоўцы мяркуюць, што гэта - кавалак памерам з Грэнландыю, які адкалоўся ад Паўночнай Афрыкі прыкладна 140 млн гадоў таму. Цяпер ён «пахаваны» пад паўднёвай часткай еўрапейскага кантынента.

Пры гэтым некаторыя яго фрагменты маглі быць вынесенымі на паверхню, калі адбывалася ўтварэнне некаторых сучасных горных масіваў. Таму, цалкам верагодна, што многія еўрапейцы ў даслоўным сэнсе ступалі па фрагментах Вялікі Адрыі ў наш час.

«Мільёны турыстаў маглі ступаць па старажытным кантыненце нават не ўсведамляючы гэтага, - кажа Доў ван Гінсберген, даследчык з універсітэта Утрэхта, вядучы аўтар даследавання.

З ягоных слоў, найбольш прыкметным «астаткам» старажытнага кантынента з'яўляецца падводны хрыбет, які праходзіць ад італьянскага горада Турына да кончыка таго самага «бота», які фармуе Італію.

Геолагі называлі гэты рэгіён Адрыяй, таму новы кантынент ван Гінсберген прапануе называць Вялікай Адрыяй.

Навуковец мяркуе, што гэты кантынент пачаў аддзяляцца ад Паўночнай Афрыкі больш за 200 млн гадоў таму - у трыясавы перыяд.

Эвалюцыя Адрыі была часткай маштабнага працэсу распаду старажытнага суперкантынента Гандваны.

Гандвана была велізарным масівам, які ўключаў у сябе кантынентальныя пліты Паўднёвага паўшар'я.

У эпоху ранняга мезазоя (250-200 млн гадоў таму) паўночны ўскраек Гандваны датыкаўся ў экватарыяльных шыротах з Лаўразіяй - так называўся каласальны масіў, які ўключаў у сябе будучую Еўропу.

Ван Гінсберген выдаткаваў больш за 10 гадоў на даследаванні, падчас якіх былі сістэматызаваныя ўзоры горных парод з розных участкаў Міжземнаморскага рэгіёну. Каб карыстацца гэтай велізарнай базай звестак было напісанае спецыяльнае праграмнае забеспячэнне.

Асноўным інструментам для даследаванняў стала вывучэнне геамагнітнага поля, а дакладней - яго адбіткі, якія захаваліся ў старажытных пародах.

У канчатковым выніку, развязанне гэтай велізарнай галаваломкі дапамагло ван Гінсбергену прыйсці да высновы аб тым, што ў нетрах Еўропы ляжыць яшчэ адзін, раней невядомы кантынент.

Вялікая Адрыя была сапраўды вялікай, адзначае даследчык. Па памерах яе можна параўнаць з сучаснай Грэнландыяй.

Ван Гінсберген мяркуе, што Вялікая Адрыя не была суцэльным востравам, хутчэй за ўсё, яна была часткова затопленая вадой і выглядала як буйны архіпелаг.

Адкалоліся ад фрагмента Гандваны, які сягоння з'яўляецца Паўночнай Афрыкай, Вялікая Адрыя адправілася ў зацяжны дрэйф, які (пры хуткасці, верагодна, некалькі сантыметраў у год) доўжыўся блізу 100 млн гадоў.

Вялікая Адрыя павольна, але ўпэўнена рухалася на поўнач, пры гэтым злёгку паварочваючыся супраць гадзіннікавай стрэлкі, тлумачыць ван Гінсберген.

Наблізіўшыся да паўднёвай часткі сучаснай Еўропы, Вялікая Адрыя пачала разбурацца і апускацца ў зямную мантыю. Практычна поўнае апусканне завяршылася, на думку ван Гінсбергена, блізу 100 млн гадоў таму.

Сёння Вялікая Адрыя размяшчаецца на глыбіні прыкладна 1,5 тысяч км пад паверхняй Еўропы.

Тое, што засталося ад Вялікай Адрыі, можна знайсці ў горных масівах паўднёвай Еўропы і Блізкага Усходу.

Палеамагнітныя ўласцівасці вапняковых парод дазволілі ван Гінсбергену ўсталяваць, што шараговы абывацель, які пабываў у Пірэнеях, Альпах і шэрагу іншых папулярных горных раёнаў, цалкам мог дакрануцца да фрагментаў старажытнага кантынента.

Нагадаем, што ў 2017 годзе навукоўцы заявілі аб выяўленні адразу двух старажытных кантынентаў. У Індыйскім акіяне былі выяўленыя фрагменты старажытнай Гандваны, што распалася 200 млн гадоў назад (яе асколкам з'яўляецца і Вялікая Адрыя, як было сказана вышэй). А ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна былі знойдзены рэшткі легендарнага кантынента Зеландыя.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках