Brexit: перамовы паміж ЕЗ і Брытаніяй зноў завяршыліся безвынікова
- 27.09.2019, 21:05
- 6,082
Перамовы праходзілі ў Брусэлі.
Сустрэча паміж прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі і Вялікабрытаніі датычна Brexit скончылася безвынікова.
Гэта вынікае з паведамлення на сайце Еўракамісіі.
Перамовы праходзілі ў Брусэлі паміж галоўным перамоўшчыкам ЕЗ Мішэлем Барнье і брытанскім міністрам у пытаннях Brexit Стывенам Барклі.
Барнье заявіў, што ў Пагадненнi пра Brexit неабходна мець цалкам аператыўнае развязанне, якое дасць магчымасць пазбегнуць жорсткай мяжы на востраве Ірландыя, абараніць эканоміку ўсяе выспы і цэласнасць адзінага рынку.
У ЕЗ адзначылі, то застаюцца адкрытымі і гатовыя разгледзець любыя юрыдычна дзейсныя прапановы, якія можна ажыццявіць, і якія адпавядаюць усім гэтым мэтам.
Напярэдадні Вярхоўны суд Вялікабрытаніі прызнаў незаконнай пастанову прэм'ер-міністра Барыса Джонсана пра прыпыненне працы парламента на пяць тыдняў.
25 верасня парламент Вялікабрытаніі аднавіў пасяджэнне.
Пры гэтым Джонсан заявіў, што насуперак усяму мае намер вывесці Брытанію з ЕЗ да 31 кастрычніка.
Да прыпынення працы парламент паспеў прыняць закон, які забараняе выхад Брытаніі з ЕЗ без пагаднення і абавязвае ўрад перанесці Brexit пасля ўстаноўленага 31 кастрычніка.