У Кангрэсе ЗША маюць намер высветліць змест размоў Трампа з Пуціным
3- 29.09.2019, 19:59
- 10,086
Дэмакратычная партыя спасылаецца на пагрозу нацыянальнай бяспецы.
Старшыня камітэта выведкі Палаты прадстаўнікоў ЗША заявіў у нядзелю, што Кангрэс мае намер атрымаць доступ да тэлефонных размоў прэзідэнта Дональда Трампа з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і іншымі сусветнымі лідарамі.
Пра гэта паведамляе «Европейская правда» са спасылкай на Reuters.
Дэмакрат Адам Шыф спаслаўся на асцярогі, што Трамп мог паставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку.
«Я думаю, што першарадная неабходнасць тут палягае ў тым, каб абараніць нацыянальную бяспеку Злучаных Штатаў і зразумець, ці падрывае прэзідэнт у размовах з іншымі сусветнымі лідарамі, зрэшты, з Пуціным, нашу бяспеку», - заявіў Шыф.
«Калі ёсць спроба прыкрыць гэта, утаіць гэта, то так, мы поўныя рашучасці гэта высветліць», - дадаў ён.
Як раней паведамлялі СМІ, Белы дом абмяжоўваў доступ да размоў Трампа з Пуціным. Памочнікі Трампа меркавалі, што ўлічваючы змест размоў, яны не павінны стаць публічнымі.