CМІ: Джонсан асабіста папрасіў прабачэння перад каралевай праз прыпыненне працы парламента
1- 29.09.2019, 21:16
- 9,148
Менавіта прэм'ер Вялікай Брытаніі прапанаваў каралеве гэтую працэдуру.
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан асабіста папрасіў прабачэння перад каралевай Элізабэт II праз прыпыненне працы парламента, піша The Sunday Times са спасылкай на крыніцы, паведамляе выданне theБабель.
Прыпыненне працы парламента была адобранае каралевай на рэкамендацыю Джонсана, аднак затым прызнанае Вярхоўным судом незаконным. Адразу пасля абвяшчэння вердыкту прэм'ер патэлефанаваў Элізабэт II і сказаў, што яму шкада, што ўсё так выйшла.
Каралева была надзвычай занепакоеная прапановай прэм'ера прыпыніць працу заканадаўчага органа яшчэ да таго, як Вярхоўны суд вынес свой вердыкт, адзначае газета.
Вырак суда прывёў да таго, што давер паміж канцылярыяй прэм'ер-міністра і Букінгемскім палацам быў падарваны. Сам Джонсан у інтэрв'ю BBC адмовіўся каментаваць гэтую тэму, заўважыўшы, што не мае намеру раскрываць дэталі сваіх размоваў з каралевай.
Што здарылася?
26 жніўня Борыс Джонсан папрасіў каралеву Вялікай Брытаніі Элізабэт узгадніць прыпыненне працы парламента да 14 кастрычніка. 28 жніўня каралева на гэта пагадзілася. Такім чынам, парламентарыі выйшлі з летніх вакацый 3 верасня, а затым з 9 верасня да 14 кастрычніка іх праца будзе прыпыненая. Яны вернуцца да працы ўсяго за некалькі тыдняў да Brexit, які запланаваны на 31 кастрычніка.
Як кажуць апаненты Джонсана, у парламентарыяў не выстарчыць часу, каб прыняць новыя законы і перашкодзіць «жорсткаму» Brexit. Міжпартыйная група парламентарыяў апратэставала пастанову прэм'ера Джонсана ў судзе. 11 верасня Вышэйшы апеляцыйны суд Шатландыі пастанавіў, што прыпыненне працы парламента не было законным і прызначалася для таго, каб перашкодзіць заканадаўцам. Гэта заахвоціла апанентаў усумніцца ў тым, ці не падмануў Джонсан каралеву Элізабэт.