26 красавiка 2024, Пятніца, 21:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія будаўнікі разбягаюцца хто куды

10
Беларускія будаўнікі разбягаюцца хто куды

Найлепшыя працаўнікі з'язджаюць за мяжу.

Аляксандр Лукашэнка паклапаціўся пра кадравую праблему ў будаўніцтве. Праз нізкія заробкі галіна страчвае людзей і прэстыж. Будаўнікі папрасілі ўрад не толькі аб годным заробку, але і нагадалі пра маральныя стымулы, пішуць naviny.by.

Кадравая праблема

Аляксандр Лукашэнка заклікаў захаваць будаўнічыя калектывы ў час рабочай паездкі ў Берасце. Да тысячагоддзя горада там адкрылі вялікую дарожную развязку. Пасля ўрачыстых мерапрыемстваў дыктатар прызнаў перад рабочымі, што будаўнічым арганізацыям даводзіцца нялёгка праз сур'ёзную канкурэнцыю ў сферы.

З ягоных слоў, у краіне не заўсёды стае сродкаў, каб заняць будаўнікоў, і, магчыма, дзе-небудзь штосьці трэба было даўно закрыць, але страціць будаўнікоў шкада.

«Я вас проста агітую на тое, каб мы захавалі будаўнічыя калектывы. І калі не такімі аб'ектамі загрузіць, не жыллём, то дзесьці, напэўна, трошкі і перапрафілявацца, каб блізкія працы выконваць. Але абавязкова захаваць працоўныя калектывы», - падкрэсліў дыктатар.

Кадравыя праблемы ў галіне ён абазначаў яшчэ ў лістападзе мінулага года на вялікай нарадзе ў Менску. Як казаў Лукашэнка, у апошнія гады ідзе сур'ёзны адток спецыялістаў - найлепшыя працоўныя з'язджаюць на заробкі за мяжу.

На заробкі за мяжу

У Беларускім саюзе будаўнікоў (БСБ) проста кажуць пра крызіс у галіне. Кіраўнік саюза, заслужаны будаўнік Беларусі Мікалай Шарамет нядаўна напісаў віцэ-прэм'еру Уладзіміру Кухараву вялікі ліст, які больш падобны на крык душы. Дакумент апублікаваў у сваім тэлеграм-канале блогер Nexta. Ліст накіраваны ў канцы жніўня, пацвердзілі Naviny.by ў БСБ.

У лісце гаворыцца аб значным скарачэнні занятых у галіне, асабліва кваліфікаваных спецыялістаў. З 2014 да 2018 года колькасць работнікаў скарацілася на 53 156 чалавек. У прамысловасці вытворчасці будаўнічых матэрыялаў з 2010 да 2018 года страцілі 23 032 работнікаў.

Гэтыя лічбы, на думку Мікалая Шарамета, кажуць пра тое, што прэстыж будаўнічай прафесіі падае. Недахоп кваліфікаваных кадраў ад працоўных да кіраўнікоў рознага рангу, на думку кіраўніка БСБ, з'яўляецца адной з асноўных пагроз у сучасным будаўнічым комплексе Беларусі.

Важнай прычынай адтоку кадраў з прафесіі называецца нізкі ўзровень заробку ў параўнанні з заробкам рабочых і спецыялістаў у іншых галінах і суседніх краінах.

У 2010 годзе ў будаўнічым комплексе было 318 тысяч працоўных, а заробак складала тысячу даляраў. На пачатак 2019 года ў галіне засталося толькі блізу 195 тысяч працоўных з сярэднім заробкам 500 даляраў. Пры гэтым у Беларусі заробак у 1,3-2,4 разы ніжэйшы, чым у Расеі, у 1,8-3,3 - чым у Польшчы, і ў 1,7-5,8 разы ніжэйшы, чым у Літве.

У БСР убачылі наўпроставую ўзаемасувязь паміж сумай заробку і адтокам кваліфікаваных кадраў.

На думку Шарамета, зніжэнне заробку і агулам прэстыжу будаўнічай прафесіі прыводзіць да негатыўных наступстваў.

Напрыклад, будаўнічыя прафесіі «старэюць», сярэдні ўзрост рабочых складае 40-45 гадоў. У вачах моладзі падае прывабнасць такіх прафесій як муляр, бетоншчык, цясляр, тынкоўшчык і гэтак далей. Выпускнікі прафесійных навучальных устаноў, набраўшыся досведу на беларускіх будоўлях, едуць на больш высокія заробкі ў Польшчу, Літву, Расею.

Не толькі годны заробак, але і маральныя стымулы

Для выхаду са складанага становішча БСБ прапануе павялічыць кошт норма-гадзін на ўсе праектна-пошукавыя і будаўніча-мантажныя работы на ўсіх аб'ектах і такім чынам павысіць узровень заробку ў галіне.

Акрамя таго, саюз прапануе перагледзець адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік работ і прафесій рабочых.

У сваім лісце Шарамет, акрамя годнага заробку, таксама нагадаў пра іншую матывацыю да працы, якая практыкавалася раней. Гаворка ідзе пра развязанне жыллёвага пытання (ад забеспячэння ложка-месцам у інтэрнаце да атрымання бясплатнай малагабарытнай кватэры).

Раней, нагадаў кіраўнік БСР, будаўнікоў узнагароджвалі ўрадавымі ўзнагародамі, прысвойвалі звання заслужаных работнікаў, абіралі дэпутатамі. Будаўнікі выходзілі на пенсію ў 55 гадоў і гэтак далей.

У БСР паведамілі, што адказ з урада на свой зварот пакуль не атрымалі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках