24 красавiка 2024, Серада, 2:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускую эканоміку чакае рэцэсія

8
Беларускую эканоміку чакае рэцэсія

Нафтавы канфлікт змушае экспэртаў пагаршаць прагноз для эканомікі краіны.

Беларуская эканоміка ў новым годзе не вырасце нават на 1%, мяркуюць экспэрты Сусветнага банка. Гэта найгоршы вынік у рэгіёне. Вытокі эканамічных праблем Беларусі - у неразвязаным канфлікце з Расеяй, паведамляе «Незалежная газета».

Даклад «Перспектывы сусветнай эканомікі» Сусветны банк (СБ) апублікаваў у чацвер 9 студзеня. Згодна з ім, у 2020 годзе эканоміка Беларусі можа вырасці толькі на 0,9%. Гэта самы нізкі прагноз сярод краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Будучы год таксама не прынясе краіне росту. Экспэрты СБ мяркуюць, што ў 2021-2022 гадах прырост можа скласці яшчэ менш - толькі 0,5%.

Яшчэ параўнальна нядаўна ў аналагічным чэрвеньскім дакладзе СБ прагназаваў, што ў 2020 годзе рост складзе больш за 1-1,3%, а ў 2021-м - 1,2%. Экспэрты банка тлумачаць, што асноўнай прычынай пагаршэння прагнозу з'яўляецца адсутнасць дамоўленасцяў з Расеяй з нагоды кампенсацыі наступстваў падатковага манеўру для Беларусі. Улетку яны меркавалі, што страты будуць кампенсаваныя хаця б часткова. Цяпер стала відавочна, што на гэта разлічваць не варта. Акрамя таго, аналітыкі банка звяртаюць увагу на высокі ўзровень дзяржаўнай запазычанасці Беларусі і зніжэнне аб'ёмаў экспарту (асноўны аб'ём таксама прыходзіцца на Расею). Нізкая эфектыўнасць нерэфармаванай эканомікі краіны не можа генераваць прыбытак, а таму ўнутраны попыт нарошчваць таксама няма магчымасці.

Зрэшты, у гісторыі Беларусі былі працяглыя перыяды, калі эканамічныя ўлады нарошчвалі ўнутраны попыт за кошт грашовай эмісіі. У апошнія гады ўрад, у якім было шмат эканамістаў, якія пільнаваліся рынкавых поглядаў, сышлі ад гэтай практыкі.

Аднак у першыя дні новага года Лукашэнка прызначыў новага міністра эканомікі наўзамен Дзмітрыя Крутога, які пайшоў у віцэ-прэм'еры. Новы кіраўнік эканамічнага ведамства Аляксандр Чарвякоў не тое што не рыначнік, а нават не эканаміст. Ён кандыдат тэхнічных навук, інжынер з аграрным ухілам, які скончыў тую ж сельгасакадэмію ў Горках Магілёўскай вобласці, што і Аляксандр Лукашэнка.

Усе асноўныя складанасці для беларускай эканомікі ідуць з Расеі. Тое, што бакі так і не падпісалі інтэграцыйныя карты, якія абмяркоўваліся цэлы год, было відавочна ў канцы года. Аднак яго пачатак прынёс яшчэ больш непрыемны сюрпрыз - спыненне паставак расейскай нафты. Блізу 30% беларускага экспарту - гэта нафтапрадукты, якія ідуць у Еўропу і прыносяць краіне валюту. Пасля таго як Расея спыніла пастаўкі нафтавай сыравіны, Беларусь вымушана была спыніць экспарт нафтапрадуктаў, каб не дапусціць іх дэфіцыту на ўнутраным рынку.

Афіцыйная інфармацыя пра тое, хто будзе пастаўляць у Беларусь нафту, адсутнічае, аднак у Менску сцвярджаюць, што ўжо ёсць адпаведныя доўгатэрміновыя дамовы. Паводле неафіцыйных звестак, ратаваць Беларусь ад нафтавага голаду будзе расейскі бізнэсовец Міхаіл Гуцарыеў, які сябруе з Лукашэнкам. Улады Беларусі заявілі, што пастаўкі расейскай нафты ўжо пачаліся, і што ў студзені яны разлічваюць атрымаць 650 тысяч тон гэтай сыравіны, аднак на пачатак тыдня на Мазырскі НПЗ яна яшчэ не паступала. Пастаўкі на Нафтан пачаліся ўвечары 4 студзеня - паступіла 26,5 тысяч тон нафты, што дазволіла захоўваць толькі мінімальную загрузку прадпрыемства. Пра гэта паведамілі ў канцэрне «Белнафтахім». У Менску спрабуюць захоўваць аптымізм, працягваюць перамовы і разлічваюць урэгуляваць праблему да канца студзеня.

Нагадаем, што сітуацыя для ўладаў ускладняецца перадвыбарным перыядам: як мяркуецца, у жніўні адбудуцца прэзідэнцкія выбары і насельніцтву абяцаны рост даходаў, а не чарговы эканамічны крызіс. Аляксандр Лукашэнка зноў даручыў ураду шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты. Раней ён заяўляў, што пры адсутнасці дамоўленасцяў з Расеяй Менск можа пачаць рэверсныя пастаўкі савудаўскай або амерыканскай нафты ў Беларусь праз Польшчу, а таксама «забраць» для гэтага дзве трубы магістральнага нафтаправода «Дружба». Пакуль гэтыя працэсы таксама ў стадыі прапрацоўкі.

Зрэшты 9 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь ужо знайшла выйсце з нафтавай нявыкруткі. «Чаму мы дагэтуль з прэзідэнтам Расеі не дамовіліся аб нафце? Таму што Расея хоча, каб мы купілі ў яе нафту коштамі вышэйшымі за сусветныя. Дзе такое бачана? Таму я і адмовіўся ад такой нафты і проста заявіў: калі не будзе паставак сусветным коштам з Расеі, мы знойдзем гэтую нафту ў іншым і месцы. Што мы і робім. І знайшлі», - сказаў ён, выступаючы на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках