19 сакавiка 2024, aўторак, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Лёс Лукашэнкі ўжо вызначаны

76
Яўген Афнагель: Лёс Лукашэнкі ўжо вызначаны
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ
ФОТА: ЮРЫ ДРУГ / CHARTER97.ORG

Дыктатар ведае пра рэальны ўзровень сваёй «падтрымкі».

З новага года ў Беларусі склалася ўнікальная сітуацыя: Лукашэнка ўпершыню не здолеў дамовіцца з кіраўніцтвам РФ пра пастаўкі нафты з ільготнымі коштамі. У выніку Расея з 1 студзеня на дзяржаўным узроўні спыніла падачу нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Пра кошты на газ таксама атрымалася дамовіцца толькі на першыя два месяцы 2020 года.

На фоне гэтага Менск спыніў экспарт нафтапрадуктаў, баючыся дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку.

Што гэта азначае і як сітуацыя можа развівацца далей?

На пытанні Charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

– Лукашэнка практычна ўпершыню за ўвесь час свайго кіравання застаўся без таннай расейскай нафты і з сумнеўнымі перспектывамі ў іншых энэргарэсурсах. Як Вы пракаментуеце гэтую сітуацыю?

– На самай справе, з падобнымі праблемамі Лукашэнка сутыкаецца не ўпершыню. Замест рэфармавання эканомікі ў свой час ён пасадзіў Беларусь на нафтагазавую расейскую іголку. З кожным годам залежнасць ад расейскіх датацый павялічвалася. Карэннае адрозненне ў тым, што раней яму было, што прапанаваць у абмен на танныя энэргарэсурсы і датацыі з Расеі. Ён аддаваў тое, што не моцна трэба было яму для захавання ўлады, але цікавіла Крэмль. Зразумела, што спіс такіх аб'ектаў і паслуг абмежаваны. Падобна на тое, што цяпер выкананне патрабаванняў Пуціна крытычнае для падаўжэння ўлады дыктатара. І няма ніякіх сумневаў, што гаворка ў дадзеным выпадку ідзе не пра кошт на нафту.

– Журналістка Ірына Халіп выказала меркаванне, што Лукашэнка гандлюецца з Пуціным не за нафту, а за падтрымку на выбарах 2020 года. Эканаміст Леанід Заіка таксама мяркуе, што галоўнае ў «нафтагазавай вайне» – не інтэграцыйная позва, а пытанне ўлады Лукашэнкі, якому Крэмль уручыў 1 студзеня «чорную пазнаку». Як Вы мяркуеце – з якой мэтай Крэмль цісне на Лукашэнку?

– Лукашэнка ведае пра рэальны ўзровень сваёй падтрымкі. Пуцін таксама гэта ведае і разумее, што сёмы прэзідэнцкі тэрмін непапулярнага дыктатара людзі ўспрымуць у штыкі. У Крамлі асцерагаюцца пратэстаў у Беларусі, якія неўнікнёныя ў выпадку ўдзелу Лукашэнкі ў выбарах. Гэта ўдарыць па кантрабандным схемах, у якіх наша краіна гуляе ключавую ролю. Дэстабілізацыя ў Беларусі невыгодная Пуціну, ён думае, як яе ўнікнуць. Не выключаю, што ад Лукашэнкі патрабавалі адмовы ад удзелу ў выбарах, прызначаных на гэты год.

– Якія яшчэ чыннікі пачалі дзейнічаць супраць беларускага дыктатара ў 2020 годзе?

– Самы галоўны чыннік – збядненне беларусаў і адсутнасць перспектываў у сваёй краіне. Рост коштаў, камуналкі, новыя падаткі – гэта ўсё ж не праходзіць бясследна. Знайсці нармальную працу за межамі МКАД немагчыма. Тысячы людзей прыязджаюць на ранішніх электрычках у Менск. Гэта жыхары Барысава, Маладзечна, Мар'інай Горкі, Стоўбцаў. Яны не на экскурсію едуць, яны едуць, каб зарабіць хоць нешта, каб выжыць. А што рабіць тым, хто жыве далей ад Менска? Што рабіць пенсіянерам, у якіх уся пенсія ідзе на аплату жылля і мінімальны набор прадуктаў? Што рабіць тым, хто, урэшце, хоча нармальна жыць, а не проста выжываць? Ехаць на заробкі за мяжу? Гэты працэс ужо даўно ідзе. Беларусь страчвае насельніцтва – з кожным годам усё больш. Гэта і выміранне, і эміграцыя.

Мы гэта дакладна ўбачылі падчас «парламенцкай кампаніі». Нашы актывісты за два месяцы пагутарылі з дзясяткамі тысячаў людзей – і на пікетах, і падчас збору подпісаў у кватэрах. Прыхільнікаў дыктатара мы не бачылі, пара правакатараў і неадэкватных – не ў лік. Людзі апавядалі пра сваё жыццё, пра заробкі, пра бязмежжа чыноўнікаў, пра тое, як з іх здзекуюцца прадстаўнікі ўлады. Пенсіянеры казалі пра тое, як іх унукі шукаюць магчымасць з'ехаць з Беларусі. Людзі сярэдняга ўзросту апавядалі пра тое, як вымушаныя працаваць на некалькіх працах, каб пракарміць сем'і. Шмат хто падыходзіў, убачыўшы сцяг ЕЗ і проста пытаўся, ці не дапаможам мы знайсці працу там, за заходняй мяжой. На самай справе колькасць такіх пытанняў палохае. Але яшчэ больш гэта павінна палохаць дзейную ўладу. На гэтым фоне жаданне дыктатара ісці на сёмы тэрмін гаворыць не проста пра ягоную неадэкватнасць, але і пра адсутнасць інстынкту самазахавання.

– Звяртае на сябе ўвагу, што не толькі сур'ёзныя аналітыкі, але нават астролагі сцвярджаюць: Лукашэнкі неўзабаве не будзе. Як, на Вашу думку, будуць развівацца найбліжэйшыя падзеі?

– Гэта залежыць ад нас. Ключавое пытанне, якое хвалюе ўсіх – «што далей?». Абсалютная большасць беларусаў хоча пераменаў, але, разам з тым, чакае прапановаў плану іх ажыццяўлення. Людзі шукаюць адказ – не толькі сярод апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх актывістаў – але і ў СМІ ды інтэрнэце. Відаць, што расце папулярнасць незалежных сайтаў, блогераў, якія пішуць і гавораць пра рэальныя праблемы людзей і прапануюць шляхі іх развязання. Зможам разам адказаць на гэтае пытанне – праблема будзе развязаная вельмі хутка, ужо сёлета.

– Што Вы хацелі б сказаць у сувязі з гэтым асноўным гульцам на палітычным полі Беларусі: грамадзянам краіны, прадстаўнікам палітычнай апазіцыі і, нарэшце, самому Лукашэнку і ягонаму асяродку?

– Лукашэнку і ягонаму асяродку мне сказаць няма чаго. Іх лёс вызначаны і наўрад ці нешта яго зменіць. Гэта ўжо нават не пытанне часу. А ўсім нам проста прыйшоў час усвядоміць сябе народам, зразумець, што нас большасць, згадаць пра сваю годнасць і гонар і перастаць трываць знявагі з боку старога непапулярнага самадура. Пачаць жыць, а не спрабаваць выжываць.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках