26 красавiка 2024, Пятніца, 4:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Ціск Крамля на Лукашэнку будзе расці

28
Андрэй Саннікаў: Ціск Крамля на Лукашэнку будзе расці
Андрэй Саннікаў
Фота: charter97.org

У гэтай сітуацыі Беларусі патрэбная змена ўлады на ўсіх узроўнях.

Учора прэзідэнт Расеі Пуцін анансаваў маштабныя змены ў Канстытуцыі краіны, якія прадугледжваюць сур'ёзныя пераразмеркаванні ўладных паўнамоцтваў.

Адразу пасля гэтага ўрад РФ у поўным складзе падаў у адстаўку, а замест Дзмітрыя Мядзведзева прэм'ерам быў прызначаны Міхаіл Мішусцін.

Што гэтыя перамены азначаюць для самой Расеі і яе суседзяў?

На пытанні Charter97.org адказвае лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.

- Што, на вашу думку, адбылося ў Расеі, і якія гэта будзе мець наступствы перш за ўсё для самой РФ?

- Увогуле ў Расеі ўчора быў абвешчаны дзяржаўны пераварот, менавіта так гэта і варта ўспрымаць. Для бестэрміновага захавання ўлады злачыннай нелегітымнай групоўкі на чале з Пуціным, якая сёння знаходзіцца ў Крамлі, былі абвешчаныя змены ў Канстытуцыю. Прычым, каб увесці ў зман грамадзян Расеі, гэта было цынічна названа «удакладненнем Канстытуцыі».

Звяртаюць на сябе ўвагу тры галоўныя моманты.

Першае: Пуцін уводзіць неканстытуцыйным шляхам у асноўны закон новы дзяржаўны орган – Дзяржаўны савет. І хутчэй за ўсё, ён і будзе тым органам, які Пуцін плануе ўзначаліць, каб захаваць уладу - гэта значыць, галоўным органам выканаўчай улады ў Расеі. Свайго кшталту Палітбюро 2.0.

Другое: у Расеі фактычна прапанавана знішчыць мясцовае самакіраванне, якое дагэтуль было хоць бы фармальна аддзеленае ад дзяржаўнай улады. Цяпер плануецца, што вертыкаль улады будзе выбудаваная ад Крамля да апошняй вёскі - каб забяспечыць поўную паслухмянасць.

Трэцяе - гэта сыход Расеі з міжнароднага прававога поля. Сёння Расея не пільнуецца нормаў міжнароднага права, але плануецца, што гэта будзе замацавана і больш выразна прапісана ў Канстытуцыі ды іншых законах. РФ цяпер будзе кіравацца сваім унутраным правам, якое, як мы ведаем, вельмі і вельмі ўмоўнае і часта не мае дачынення да права наогул.

Гэта - тры найбольш небяспечныя рэчы, якія будуць рэалізоўвацца.

А тое, што прэм'ерам прызначылі чалавека з кіроўнай групоўкі, з «сістэмы Пуціна», хутчэй за ўсё, супрацоўніка ФСБ, хоць гэта і не афішуецца - гэта толькі пацвярджае, наколькі сур'ёзныя і небяспечныя гэтыя планы для самой Расеі.

- А чым яны могуць абярнуцца для суседзяў РФ, найперш - для Беларусі?

- Наступствы для Беларусі звязаны найперш з панаваннем Лукашэнкі, які паставіў наша дзяржаву ў поўную залежнасць ад Расеі, дакладней, ад Крамля. Ніякіх паслабленняў на беларускім кірунку з боку Крамля не будзе.

Больш за тое: будзе больш прагматычнае стаўленне да практыкі апошніх гадоў, перш за ўсё да фінансавага датавання рэжыму Лукашэнкі.

Сам рэжым, напэўна, будуць падтрымліваць, але не ў тым аб'ёме, як раней. І на карысць гэтага курт і кажа прызначэнне прэм'ерам падаткавіка Мішусціна - чалавека, які займаецца зборам падаткаў. І цяпер будзе займацца гэтым і ў маштабах усёй Расеі, і за яе межамі, на залежных ад РФ тэрыторыях і ў залежных дзяржавах. Думаю, што жорсткая фіскальная палітыка адаб'ецца перш за ўсё на Лукашэнку.

Акрамя таго, жаданне Расеі сысці з міжнароднага права азначае, што яна ўжо будзе разглядаць стасункі з Беларуссю, зыходзячы са сваіх уласных пераваг, не звяртаючы асаблівай увагі на нормы міжнароднага права, якія рэгулююць дачыненні суверэнных дзяржаў. З гэтага боку небяспека для нашай дзяржаўнасці ўзрастае.

- Як будуць развівацца нафтагазавы канфлікт і пытанні «паглыбленай інтэграцыі» у кантэксце гэтых змяненняў у расейскай уладзе?

- «Паглыбленая інтэграцыя» не знікла з парадку дня. Проста раней яе звязвалі з тым, што Пуцін паспрабуе развязаць пытанне сваёй неабмежаванай паўнамоцтвамі і тэрмінамі ўлады стаўкай на "саюзную дзяржаву", але цяпер бачна, што разглядаўся іншы сцэнар. І, магчыма, усе гэтыя рухі цела былі свайго кшталту дымавой завесай.

Тым не менш, мэты Расеі з дапамогай Лукашэнкі цалкам падпарадкаваць Беларусь застаюцца. Імперская Расея за сотні гадоў нікуды не знікла - і цяпер не знікне. Небяспека, якая зыходзіць ад Крамля, усё яшчэ вялікая. Але яшчэ раз падкрэслю: гэта небяспека павялічваецца праз тое, што ў Беларусі пануе рэжым Лукашэнкі.

Сёння Лукашэнка пазбаўлены ўсялякай прасторы для манеўру ў стасунках з Расеяй, ён вымушаны будзе падпарадкоўвацца і за падачкі саступаць ўсё больш і больш нашай уласнасці і гандляваць суверэнітэтам.

Гэта ўсё, безумоўна, адаб'ецца і на пастаўках нафты і газу з Расеі. Тут ёсць некалькі момантаў. Па-першае, Лукашэнку ўжо проста не ўспрымаюць, як партнёра для перамоў. Яго паставілі ў становішча жабрака, які павінен здавольвацца тым, што яму даюць.

Другі момант: ніякай дыверсіфікацыі крыніц паставак энэргарэсурсаў у самой Беларусі не адбываецца, што яшчэ больш пагаршае наша становішча. А тыя фантастычныя праекты, якія агучваюць улады, калі іх рэалізаваць, азначаюць, што мы будзем атрымліваць усё тую ж расейскую нафту, толькі больш дарагую, бо будзем яшчэ плаціць і пасярэднікам. Я кажу «мы» невыпадкова: усё гэта кладзецца цяжарам на нас, грамадзян Беларусі, на беларускі народ.

- Апошнім часам незалежнымі экспэртамі агучвалася інфармацыя аб тым, што ў Крамлі ведаюць пра крайнюю непапулярнасць Лукашэнкі ў Беларусі і падаюць яму сігналы аб тым, што не падтрымаюць яго вылучэнне на чарговы тэрмін. Як, на вашу думку, будуць зараз развівацца падзеі ў гэтым кірунку?

- Сапраўды, Лукашэнка давёў усю гэтую сітуацыю да такога стану, што Крэмль пагражае і нашай бяспецы, і ягонаму ўласнаму дабрабыту. Гэта значыць, ягонай уласнай палітыцы крадзяжу і бяздзейнасці.

Гэта відаць не толькі з Крамля - гэта бачна ўсім: неадэкватнасць паводзін Лукашэнкі, поўны крах яго эканамічнай палітыкі, нежаданне праводзіць якія-небудзь рэформы. Таму, я думаю, найбліжэйшы год варта чакаць перамен. Але гэта не азначае сядзець склаўшы рукі - а нешта рабіць, каб гэтыя перамены пайшлі на карысць нашай дзяржаве, а не рэжыму.

Хачу звярнуць увагу на тое, што Пуцін задумаў увесь гэты пераварот задоўга да заканчэння свайго тэрміну кіравання. І хутчэй за ўсё, усе змены будуць праведзеныя да наступных выбараў у Дзярждуму. Пакуль яны плануюцца не пазней за верасень 2021, але могуць быць паскораныя.

На гэта ёсць некалькі прычын, адна з якіх у тым, што сёння Дзярждума цалкам паслухмяная Пуціну і ён, мабыць, не зусім упэўнены, ці зможа забяспечыць такую ж паслухмянасць у будучыні. А другая прычына звязана з тым, што яму трэба неяк падымаць свой рэйтынг і сыходзіць ад адказнасці за відавочныя эканамічныя хібы. Думаю, у Крамлі звяртаюць увагу на тое, што рэйтынг Пуціна сёння няўстойлівы - слабы і шмат хто вінаваціць яго ў тым, што ў эканоміцы РФ нічога станоўчага не адбываецца. Таму ў яго пасланні зноў было столькі абяцанняў, і некаторыя з іх гэтым разам давядзецца выконваць.

- Якія высновы можна зрабіць з гэтай сітуацыі?

- Сёння, як ніколі, відавочна, што Беларусі патрэбныя тэрміновыя перамены, і гэтыя перамены ніяк не звязаныя з рэжымам Лукашэнкі. Толькі змена ўлады на ўсіх узроўнях дапаможа Беларусі выстаяць у гэты складаны перыяд. А гэта сапраўды будзе вельмі складаны час, і ціск з боку Расеі будзе толькі нарастаць.

Гэты год можа стаць вызначальным для лёсу Беларусі, а не для рэжыму Лукашэнкі.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках