Прэм'ер Паўночнай Македоніі падаў у адстаўку
- 3.01.2020, 20:40
- 7,040
ЕЗ раней прыпыніў перамовы пра членства балканскай краіны.
Прэм'ер-міністр Паўночнай Македоніі Зоран Заеў падаў у адстаўку, як і чакалася, праклаўшы шлях да фармавання ўрада тэхнакратаў для арганізацыі новых выбараў у балканскай краіне, піша zn.ua са спасылкай на балканскую службу RFE/RL.
Парламент ужо прыняў адстаўку, якая выклікана тым, што Заеў папрасіў парламент у кастрычніку правесці датэрміновыя выбары пасля таго, як ён назваў «несуцяшальнымі» пастановы Еўрапейскага звязу летась адкласці пачатак перамоў пра сяброўства з Паўночнай Македоніяй і Албаніяй.
Міністр унутраных спраў у адыходзячым урадзе Заева Олівер Спасоўскі стане прэм'ер-міністрам часовай адміністрацыі, якая, як чакаецца, будзе абраная заканадаўцамі ў другой палове дня.
Урад Заева, які ўзначальвае сацыял-дэмакрат, уступіў на пасаду ў 2017 годзе з галоўнай палітычнай мэтай перамоў аб уступленні ў ЕЗ.
Харватыя, якая старшынюе ў ЕЗ на працягу наступных шасці месяцаў, абавязалася 2 студзеня аднавіць перамовы аб сяброўстве з Албаніяй і Паўночнай Македоніяй.
Францыя і Нідэрланды прыпынілі пачатак перамоў аб сяброўстве з Паўночнай Македоніяй і Албаніяй летась. Яны турбаваліся аб тым, што Расея і Кітай спаборнічаюць за ўплыў у нестабільным балканскім рэгіёне.
Выбары ў Паўночнай Македоніі пройдуць 12 красавіка.
Паўночная Македонія з'яўляецца кандыдатам на ўступленне ў Еўрапейскі Звяз яшчэ з канца 2005 года. У лютым гэтага года краіна нават змяніла назву на Паўночная Македонія, каб Грэцыя перастала блакаваць пачатак адпаведных перамоў. Албанія стала кандыдатам на ўступленне ў ЕЗ летам 2014 года. Еўрапейская камісія крытыкавала судовую сістэму краіны і распаўсюджаную карупцыю, але цяпер адзначае прагрэс.
У траўні 2019 года Еўракамісія рэкамендавала краінам-сябрам ЕЗ пачаць перамовы з Паўночнай Македоніяй і Албаніяй пра іх уступленне ў блок.