19 траўня 2024, Нядзеля, 21:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тысячы людзей пакідаюць Карабах і суседнія раёны

Тысячы людзей пакідаюць Карабах і суседнія раёны
ГРУЗАВІКІ НА ДАРОЗЕ З КЕЛЬБАДЖАР У АРМЕНІЮ
ФОТА: RFE/RL

Некаторыя спальваюць дамы.

З пачатку баявых дзеянняў у верасні сёлета ў Нагорным Карабаху тэрыторыю непрызнанай рэспублікі і навакольных раёнаў Азербайджана пакінула блізу 90 тысяч чалавек - гэта афіцыйныя звесткі ўладаў Арменіі. Насельніцтва Карабаха, паводле ацэнак, складала блізу 150 тысяч чалавек, паведамляе svoboda.org.

Большая частка жыхароў пакінула горад Сцепанакерт яшчэ да падпісання лідарамі Арменіі і Азербайджана пры пасярэдніцтве Расеі пагаднення пра перамір'е 9 лістапада. Пасля яго падпісання тысячы этнічных армян пачалі пакідаць раёны, якія, згодна з умовамі перамір'я, у найбліжэйшы час павінны быць перададзены пад кантроль Азербайджана. Да 15 лістапада павінен быць перададзены Кельбаджарскі раён, да 20-га - Агдамскі, да 1 снежня - Лачынскі (акрамя так званага Лачынскага калідора).

Усе гэтыя тэрыторыі знаходзіліся пад армянскім кантролем з пачатку 1990-х гадоў. Тады іх пакінула азербайджанскае насельніцтва.

У сацсетках з'явіліся відэа, на якім захавана, як некаторыя жыхары, перад тым як з'ехаць, спальваюць свае дамы. Адзін такі эпізод трапіў у рэпартаж Бі-бі-сі.

Некаторыя ўцекачы з Нагорнага Карабаха праводзяць у Ерэване акцыі пратэсту, абвінавачваючы ўрад Арменіі ў тым, што той пагадзіўся на цяжкія ўмовы міру, - паведамляе «Настоящее время».

Улады Азербайджана сцвярджаюць, што не настойваюць на выездзе армянскага насельніцтва Карабаха і навакольных раёнаў, аднак не прапануюць яму якога-небудзь адмысловага статусу.

Згодна з дамоўленасцямі пра перамір'е, па перыметры часткі тэрыторыі Нагорнага Карабаха, якую Азербайджан падчас вайны не ўзяў пад кантроль, будуць размешчаны расейскія міратворцы. На гэты момант гэтыя раёны застаюцца пад кантролем армянскіх уладаў непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі. Мэр Сцепанакерта Артур Саргсян заявіў, што 20-30 адсоткаў насельніцтва горада пасля спынення баявых дзеянняў у яго вярнулася.

У пятніцу расейскія СМІ паведамілі, што расейскія міратворцы прыбылі ў Сцепанакерт.

Расейскія вайскоўцы выставілі блокпост на дарозе з Сцепанакерта ў Шушу (гэты горад пад кантролем Азербайджана) і яшчэ шэраг пастоў па перыметры лініі судакранання бакоў у Нагорным Карабаху

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках