20 траўня 2024, панядзелак, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі да страйку далучыцца абсалютная большасць, у рэжыму не застанецца выбару»

6
«Калі да страйку далучыцца абсалютная большасць, у рэжыму не застанецца выбару»
ЛЮДМІЛА ЛІТВІНЕНКА

Як страйкуе машыністка навівання лін на БМЗ.

Людміла Літвіненка, 35 гадоў, Жлобін

Людміла працуе машыністкай навівання лін на Беларускім металургічным заводзе больш за 3 гады. Раней была швачкай у прыватніка і зарабляла 700 рублёў, а на завод пайшла па большы заробак. У выніку за цяжкую мужчынскую працу пачала зарабляць 900 рублёў, паведамляе «Белсат».

Да стачкі Людміла далучылася 11 лістапада, а да гэтага на 2 змены абвясціла італійскі страйк - працавала толькі на цалкам спраўных машынах і не абслугоўвала няспраўныя.

«11 лістапада на сходзе перад пачаткам працы я аддала заяву пра страйк. У асноўным я выстаўляла эканамічныя патрабаванні: павысіць заробак, набыць новае абсталяванне на завод, падняць рэнтабельнасць завода, скараціць ціск на працоўных», - тлумачыць Людміла. Майстар прыняў заяву ад Людмілы і моўчкі сышоў. Праз гадзіну жанчыну паклікалі на гутарку, падчас якой высвятлялі, што менавіта яе не задавальняе.

«За сваю працу я хачу атрымліваць блізу 1000 даляраў. Хачу, каб у нас было ўсё неабходнае абсталяванне, бо ў нас нават венікаў на ўчастку няма, каб прыбрацца. Спачатку на мяне пачалі ціснуць і вінаваціць у хлусні, потым убачылі, што я непахісна стаю на сваёй пазіцыі і сталі размаўляць у іншым тоне. Прапанавалі яшчэ раз падумаць», - кажа Людміла.

«Я падумала і ўсё адно сказала, што мне не падабаецца, як на заводзе ставяцца да людзей. Дакладней, за людзей нас ніхто не ўважае. І колькі ты ні кажы, абстаноўка на заводзе ніяк не мяняецца», - каментуе Людміла.

У выніку яе звольнілі паводле артыкула за тое, што адмовілася выконваць свае прафесійныя абавязкі. Загад аб звальненні зрабілі за дзень. Калегі бачылі, што адбываецца, стаялі, шапталіся паміж сабой, а падышоў да Людмілы толькі адзін чалавек. Ён сказаў: «Малайчына, я таксама хачу так зрабіць, але баюся».

Запалохваць людзей звальненнем, са слоў Людмілы, на БМЗ пачалі адразу пасля выбараў. «Яны ўсе хадзілі і казалі, што вы нідзе не зможаце знайсці сабе месца. Адным словам, палохалі людзей, каб тыя не хадзілі на мітынгі. Мне было зразумела, што кіраўніцтва проста не хоча праблем сабе», - тлумачыць Людміла.

Аб палітычнай сітуацыі ў Беларусі Людміла не баіцца выказвацца. Жанчына выступае супраць фальсіфікацыі выбараў, супраць збіцця мірных грамадзян і за свабоду выказвання меркаванняў. Маральную падтрымку Людміла адчувае ад сяброў і знаёмых, ніхто з іх хоць і не далучыўся да страйку, але гатовыя дапамагчы Людміле, калі спатрэбіцца.

«Я ў разводзе, ёсць непаўнагадовая дачка, жыву на здымным жыллі. Што буду рабіць далей, я не ведаю. Жлобін - невялікі горад. Асабліва няма куды ўладкавацца, сярэдні заробак тут блізу 500 рублёў. Магчыма, я вярнуся да прыватніка, а магчыма, адкрыю нешта сваё, паглядзім», - кажа жанчына.

Людміла спадзяецца, што беларусы даб'юцца свайго, і ўлада зменіцца. Для гэтага, на яе думку, неабходна, каб людзі зразумелі, што ўсё залежыць ад нас саміх. «Я думаю, калі б да страйку далучаліся не адзінкі, а большасць, то ва ўлады проста не засталося б выбару», - сказала Людміла.

ЛЮДМІЛА ЛІТВІНЕНКА
Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках