26 красавiка 2024, Пятніца, 6:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узурпатар апынуўся ў геапалітычнай пастцы

23
Узурпатар апынуўся ў геапалітычнай пастцы
АРХІЎНАЕ ФОТА belsat.eu

Напраўду, пратэстоўцы ў Беларусі ўжо перамаглі.

У Беларусі ўжо больш за 130 дзён трывае супрацьстаянне ўладаў і пратэстоўцаў супраць панавання Лукашэнкі. Карэспандэнты «Голаса Амерыкі» пагутарылі з экспэртамі на тэму сітуацыі ў нашай краіне і развіцця беларускай рэвалюцыі.

Леў Панамароў: «Напраўду пратэстоўцы ўжо перамаглі»

Старшыня расейскай грамадскай арганізацыі «За правы чалавека» Леў Панамароў упэўнены, што сітуацыя для Лукашэнкі зайшла ў нявыкрутку.

Праваабаронца выказаў захапленне беларускімі грамадзянамі, якія, нягледзячы ні на што, не хочуць саступаць. На ягоную думку, асабліва важна, што беларускія пратэсты «ствараюцца знізу»: «Велізарная колькасць людзей у краіне праяўляе дзіўную цвёрдасць, баронячы свае правы. Гэта зусім унікальная гісторыя, а высілкі людзей у кожным выпадку не пройдуць дарма. Цяпер некаторыя скептыкі кажуць, што далейшы супраціў бессэнсоўны... Гэта абсалютна няслушныя ацэнкі. Сотні тысяч людзей у Беларусі сказалі сваё цвёрдае «Не» рэжыму і фактычна аб'ядналіся ідэалагічна, што рана ці позна прывядзе да станоўчых змен у краіне».

Нават калі Лукашэнка здолее пратрымацца яшчэ нейкі час пры ўладзе, тое, што адбываецца - паваротны пункт для развіцця краіны, перакананы Панамароў. Ніякі дыктатарскі рэжым не можа доўга трымацца на падтрымцы выключна сілавікоў і чыноўнікаў, падкрэслівае праваабаронца.

«Напраўду пратэстоўцы ўжо перамаглі, аб'яднаўшыся і паказаўшы характар, - перакананы суразмоўца «Голаса Амерыкі». - Раней беларусаў успрымалі як пакорлівую нацыю. Цяпер - зусім іншая карціна».

Акрамя таго, што адбываецца ў Беларусі - рэальны прыклад таго, як трэба змагацца за свае правы, для іншых краін - у тым ліку для Расеі, кажа Леў Панамароў

Генадзь Гудкоў: «Сёння міжнародны чыннік становіцца ключавым у барацьбе з дыктатурамі»

Расейскі палітык, экс-дэпутат Дзярждумы Генадзь Гудкоў, мяркуе, што Сяргей Ціханоўскі - «адназначна закладнік». На ягоную думку, Ціханоўскі павінен стаць адным з першых нумароў у спісах палітвязняў, якіх Захад патрабуе вызваліць.

Палітык перакананы: Захад павінен выразна сфармуляваць і высунуць патрабаванні да Лукашэнкі: «Трэба апублікаваць спісы людзей, якія нявінна пакутуюць у турмах. Патрэбныя больш маштабныя персанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў і бліжэйшага атачэння Лукашэнкі. Яны павінны зразумець, што з гэтага часу брама на Захад для іх замкнутая. Трэба правесці міжнародныя расследаванні паходжання іх капіталаў».

Сёння міжнародны чыннік становіцца ключавым у барацьбе з дыктатурамі, канстатуе Генадзь Гудкоў.

Адсутнасць дыктатуры ў Расеі прывяла б да ліквідацыі дыктатуры ў Беларусі, краху аўтарытарных рэжымаў у Цэнтральнай Азіі і развязала б многія актуальныя праблем сучаснасці, перакананы Гудкоў.

Арсень Сівіцкі: «Лукашэнка апынуўся ў геапалітычнай пастцы»

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі думае, што Лукашэнка трымае ў зняволенні Віктара Бабарыку, Марыю Калекснікаву і Сяргея Ціханоўскага, каб падкрэсліць, што ён «захоўвае кантроль над сітуацыяй».

«Выхад на свабоду гэтых людзей прывядзе да таго, што вулічны пратэст абзавядзецца лідарамі. Акрамя таго, важна адзначыць, што вызвалення палітвязняў патрабуе не толькі Захад, але і Расея», - адзначыў беларускі экспэрт у гутарцы з карэспандэнтам «Голаса Амерыкі. І дадаў, што патрабаванні да Лукашэнкі не абмяжоўваюцца толькі выхадам на свабоду Бабарыкі, Ціханоўскага і чальцамі іх каманд: неабходна таксама дамагчыся гарантый бяспекі Святланы Ціханоўскай і Валерыя Цапкалы пасля іх вяртання ў Беларусь з вымушанай эміграцыі. Наступным крокам, якога Крэмль чакае ад Аляксандра Лукашэнкі, нагадвае Сівіцкі, павінна стаць арганізацыя агульнанацыянальнага дыялогу і абвяшчэнне пазачарговых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.

На думку Сівіцкага, пра гэта ішла гаворка падчас сочынскай сустрэчы Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у верасні гэтага года. «Лукашэнка... усяляк спрабуе адтэрмінаваць выкананне ўзятых на сябе абавязанняў і шукае розныя фармальныя прычыны для таго, каб утрымліваць сваіх палітычных апанентаў пад арыштам як мага большы тэрмін», - адзначае экспэрт.

«У выніку Лукашэнка апынуўся ў геапалітычнай пастцы, бо і Захад, і Расея, фактычна, патрабуюць аднаго і таго ж», - мяркуе экспэрт.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках