Кукіш як сімвал улады
67- ВІКТАР ГАРБАЧОЎ
- 1.02.2020, 9:17
- 77,708
Закупляем папкорн і чакаем шоў з Добруша.
Учора ўсё кіраўніцтва Гомельскай вобласці ў Добрушы ледзь не днявала і начавала. Карцінку стварала і кіно паказваць рыхтавалася. "Галоўнага рэвізора" сустракаць збіралася. Шрубалёты кружлялі, аўтамабілі туды-сюды тузаліся. Салярку і бензін не шкадавалі. Эканоміяй і не пахла ў гэты цяжкі і складаны год. Недаробкі ў экстраным парадку спрабавалі дарабляць. Ну, дзе падмазаць, падфарбаваць ды саломкі падаслаць. І завараныя каналізацыйныя люкі яшчэ раз праверыць. Ці мала чаго? Тут іншыя службы не спяць.
А вось такі аблом. Сустрэча перанесеная на аўторак. Так захацелася "рэвізору" і ягонай камандзе. Ну, каб усе прадаўжае быць у напружанні ўсе гэтыя дні. І каб напружыліся. Сёння ў Добрушы абвешчаны агульны бясплатны суботнік. Няма чаго спаць! Праца надае высакароднасць чалавеку. А бясплатная - тым больш. Яшчэ большы марафет наводзіць і вылізваць прыняліся.
Так што аўторак будзе чарговым хвалюючым днём для раёна. Справаздачу трымаць будуць перад "рэвізорам". Ну, калі прыедзе. Каму шапку, а каму і па шапцы.
Хоць, вунь яно як атрымліваецца, "цукровая справа" сыходзіць у цень, пара б новую костку ў масы кінуць. Хлеба ды відовішчаў! Напрыклад, "папяровыя" фабрыкі ды заводы ўзяць пад прыцэл. На ўсялякі выпадак. Ды на лічыльнік паставіць. Барацьба з карупцыяй павінна ж быць да самага дня "выбарчага" і пераможнага. Абы не расслабляліся і ведалі ўсе сваё месца. Усё жыццё ўладная барацьба. 25 гадоў бег па колу. А воз і...
Так што, усім пакуль і да аўторка! Папкорн закупляем і займаем месцы для гледачоў.
Віктар Гарбачоў, "Фэйсбук"