23 красавiка 2024, aўторак, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што вядома пра жанчыну, якую знайшлі забальзамаваную ў Менску

24
Што вядома пра жанчыну, якую знайшлі забальзамаваную ў Менску
ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА

Звычайная сталічная дзевяціпавярхоўка на Пляханава, 125 стала вядомая ў сувязі з шакавальнай падзеяй.

У адной з кватэр 14 лютага выявілі забальзамаваны труп жанчыны. Следчы камітэт паведаміў: прычыну смерці 52-гадовай жанчыны усталёўваюць. Што яшчэ вядома пра памерлую, высвятляў tut.by.

Кватэра, якая даўно трывожыла некаторых жыхароў гэтага дома ў Серабранцы, знаходзіцца на шостым паверсе. У ёй шмат гадоў жыла сям'я: маці і дзве дачкі. Суседзі кажуць, што маці памерла прыкладна ў 2013 годзе, яе старэйшая дачка, Святлана, у 2015-м, засталася толькі Таццяна.

- Сёстры паміж сабой лаяліся, усё кватэру дзялілі. Яны абедзве былі нетаварыскія, мы іх нават называлі манашкамі, - распавядае жыхарка гэтага ж дома Тамара Сямёнаўна. - Не памятаю, каб яны недзе працавалі. Калі ўжо Таня адна жыла, яна пачала па сметніках лазіць. Нават па тых, што насупраць нашага пад'езда, на відавоку. Я кажу: «Таня, трэба ісці працаваць, і сваякоў пашукай сваіх». Яна адказвала, што ў яе няма сваякоў.

Тамара Сямёнаўна распавядае, што прыносіла ежу жанчынам, калі яшчэ ўсе былі жывыя.

- Крупу прыносіла, але яны адмаўляліся. Казалі, мама пенсію атрымлівае, але я адчувала, што яны галадалі. Калі маці хварэла, сёстры неяк сказалі, што да іх прыйдзе натарыус - хацелі аддаць яе ў псіхлячэбніцу.

Жанчына мяркуе, што апошні раз бачыла Таццяну, хутчэй за ўсё, у 2017 годзе.

- Мы з суседкай перажывалі, нават падыходзілі да кватэры панюхаць, ці мала што. Нюхалі ў 2017-м, 2018-м, 2019-м, але паху не было. Кажуць, людзі сігналізавалі ў ЖЭС, адтуль нехта прыходзіў, але казалі, што адкрываць не маюць права.

Паштовая скрыня запоўненая квіткамі. Апошні прыйшоў незадоўга да таго, як кватэру выявілі. Суседзі кажуць, што жыллё знізу 14 лютага затапіла - тады прыехалі экстранныя службы.

Яшчэ адна суседка, Надзея Дзмітрыеўна, якая жыве ў тым жа пад'ездзе, была панятой.

- У кватэру я не заходзіла. Там смецця ля дзвярэй было ледзь не да столі. А мумію я бачыла, калі вынеслі. Скурчаная, сухая, на галаве ні валасоў, нічога. Косткі такія - цёмна-карычневыя. Мяккіх тканак ніякіх, не зразумець, яна ці не яна. На ёй былі кофта і куртка, восеньская, астатняя адзежа, здаецца, стлела, не было больш нічога на ёй.

Паводле інфармацыі журналістаў, у кватэры з трупам нібыта гарэў газ і цякла вада.

- Была машына МНС, газавікі і сантэхнік. Чаму менавіта - не ведаю.

Паштовая скрыня гэтай кватэры некалькі гадоў была перапоўненая квітанцыямі. Надзею Дзмітрыеўну гэта турбавала.

- Гэтыя квітанцыі ўжо на падлогу падалі. Як так можна? Летась я панесла яе квітанцыю ў разлікова-даведачны цэнтр, да самога начальніка. Ён у мяне спытаў, я ёй сваячка ці не. Раз не сваячка - якое вы мелі права ўзяць дакумент? Я кажу: дык гэты дакумент пад нагамі валяецца! Што ж вы ўсе квітанцыі пасылаеце, а ніхто нічога не правярае.

Жанчыны дзівяцца: паводле іх інфармацыі, у Таццянінай кватэры за гэтыя гады адключылі толькі святло. У апошняй квітанцыі запазычанасць - больш за тры тысячы рублёў.

Жыхаркі пад'езду не змаглі ўспомніць знаёмых ні Таццяны, ні сямейства, якое жыло калісьці ў той самай кватэры на шостым.

- Была нейкая жанчына, калі яшчэ абедзве сястры былі жывыя, якая дапамагала ім выносіць смецце з хаты. Памятаю, яны ўсё заставілі тады пакетамі ля пад'езда.

Як паведаміў сёння Следчы камітэт, для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці жанчыны прызначаная судова-медыцынская экспертыза. Усе абставіны высвятляюцца.

Атрымаць аператыўны каментар у ЖКГ Ленінскага раёна журналістам не ўдалося. У разлікова-даведачным цэнтры размаўляць адмовіліся.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках